Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская дынастыя Лукашэнкаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.12.2013 17:23
Наколькі ў Беларусі рэальны азэрбайджанскі сцэнар?

Найстарэйшы сын кіраўніка Беларусі, Віктар, у будучыні зьменіць бацьку на галоўнай пасадзе ў краіне? - ставіць пытаньне сёньняшняе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

На постсавецкай прасторы гэта ня быў бы першы выпадак атрыманьня ўлады ў спадчыну. У 2003 годзе прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў перадаў уладу ў краіне свайму сыну Ільхаму, які ўжо дзесяць гадоў кіруе краінай цьвёрдай рукой.

„Лукашэнка ўпэўнена аб гэтым марыць. З аднаго боку, ён хацеў бы кіраваць краінай як мага даўжэй, бо ўлада для яго як наркотык. З другога боку, калі гэткай магчымасьці ня будзе, то ён напэўна хацеў бы перадаць уладу чальцу сваёй сям'і”, - кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Старэйшаму сыну Аляксандра Лукашэнкі Віктару 37 гадоў. Ён падобны на свайго бацьку. Рана пачаў лысець ды носіць такія ж вусы, як бацька. Яго голас ды спосаб гаворкі таксама падобныя на Аляксандра. Але Віктар ня мае бацькоўскай харызмы. Ён ставіць на закулісную палітыку й ня хоча быць папулярным трыбунам.

Хоць афіцыйна ён зьяўляецца толькі дарадцам прэзыдэнта па пытаньнях бясьпекі, то камэнтатары лічаць яго чалавекам „нумар два” ў Беларусі. Многія гады таму Лукашэнка-бацька даручыў яму каардынаваць і кантраляваць дзейнасьць усіх сілавых міністэрстваў.

Віктар Лукашэнка, які на палітычную сцэну Беларусі ўвайшоў у 2005 годзе, зьяўляецца прыхільнікам палітыкі жорсткай лініі й трыманьня грамадзтва „за горла”. Тым ня менш, ён любіць таксама закулісную гульню.

У апублікаваных выкрывальніцкім сайтам „Wikileaks” дакумэнтах, пасольства ЗША ў Менску ацэньвае яго, як жорсткага й непахіснага перамоўцу, які ахвотна наладжваў кантакты з амэрыканскімі дыпляматамі. У той жа час амэрыканцы не пакінулі сухой ніткі на яго бліжэйшых супрацоўніках, называючы іх „людзьмі падобнымі на бандытаў”.

Пра прыватнае жыцьцё Віктара Лукашэнкі вядома няшмат. Ён жанаты й мае трое дзяцей. Старэйшай дачцы Вікторыі 15 гадоў і яна робіць у Беларусі кар'еру ў кіно.
Сам Аляксандар Лукашэнка неаднаразова аспрэчваў інфармацыю аб тым, што рыхтуе Віктара на свайго пераемніка. Тым ня менш, рост уплываў Віктара, паводле камэнтатараў, робяць азербайджанскі сцэнар усё больш рэальным, - паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт