Logo Polskiego Radia
Print

Лябірынт сьвятла ў Вілянаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.12.2013 10:17
Запрашаем наведаць вілянаўскі парк, акунуцца ў традыцыю барока.
Labirynt Światła/facebook.com

Пачынаючы з сакавіка будучага года ў варшаўскім Вілянаве можна будзе наведаць Лябірынт сьвятла – гэта адмысловая ўстаноўка, якая збудаваная са 150 тыс. каляровых лямпачак. Яны будуць разьмешчаныя вакол палаца ў Вілянаве й у Вілянаўскім парку, каб прыцягнуць турыстаў колерам і магічным настроем.

Вілянаў – гэта раён Варшавы на поўдні горада, з палацам, збудаваным для караля Яна ІІІ Сабескага. Вядомы таксама сваім прыгожым паркам вакол палаца. А што такое Лябірынт сьвятла, ці варта яго ўбачыць, мы запыталі Магдалену Мастыкаж і Гжэгажа Мазура.

Г. Мазур: Лябірынт сьвятла – гэта наша ідэя, наш мэтад, каб прывабіць турыстаў, асабліва ў зімовы пэрыяд, калі па зразумелых прычынах у парк прыяжджае менш гасьцей. Мы заплянавалі новыя прапановы такім чынам, каб яны былі цікавыя таксама ў адукацыйным пляне, паколькі разам з Лябірынтам сьвятла мы прапануем багатую адукацыйную праграму для дзяцей і моладзі. Плянуючы новую ўстаноўку, мы нагадалі пра традыцыю барока, калі гульня сьвятлом, адкрытым агнём ці лябірынты былі вельмі папулярныя. Тут мы стараемся разбудзіць фантазію нашых гледачоў дзякуючы ўвядзеньню элемэнтаў сьвятла як-бы з другога боку, як у казцы “Аліцыя ў краіне цудаў”. Ужо цяпер можам сказаць, што гэтае новаўвядзеньне вельмі цёпла ўспрынялі нашы наведвальнікі. На ўстаноўцы агулам больш за 150 тыс. лямпачак, гэта ў некалькі разоў больш, чым на славутай ёлцы ў Нью Ёрку, якая стаіць у Цэнтрал парку. Таксама некалькі кілямэтраў правадоў і больш за тысячу квадратных мэтраў паверхні. Гэта ня толькі пераносіць гледача ў краіну Аліцыі, але таксама дазваляе адкрыць нешта новае, зьдзівіцца й атрымаць сюрпрыз.

А калі мы ўжо зазірнем па другі бок краіны цудаў, па другі бок люстра, пройдземся па лябірынце, то нас чакае чарговая частка гэтай ілюмінацыі – Мапінк.

М. Мастыкаж: Так, мы запрашаем нашых гасьцей на Мапінк 3Д – гэта паказ на фасадзе палаца, калі магічным вобразам ажываюць элемэнты гэтага фасада – калённы, вокны, у вокнах паяўляюцца людзі, невядома, хто гэта, таямнічыя вобразы. Гледачы атрымліваюць шмат уражаньняў, сюрпрызаў. Гульня музыкі, сьвятла і колераў.

Вы згадалі таксама пра майстар-клясы для дзяцей ды моладзі. У чым яны заключаюцца?

М. Мастыкаж: Мы запрашаем на мастацкія майстар-клясы як дзяцей, так і дарослых у кожную суботу й нядзелю. Удзельнікі могуць сесьці за драўляныя сталы і адчуць сябе як у пакоі пісца 300 гадоў таму, узяць у рукі пяро, чарніла і нешта напісаць – сваё імя або фрагмэнт нейкага твору. Ёсьць таксама нешта для аматараў вышыўкі, яны могуць ствараць уласныя дэкарацыйныя творы, спрабаваць паказаць багацьце барока на сёньняшніх прадметах. Госьці могуць прынесьці свае рэчы – шапкі, рукавіцы, шалікі і вышыць на іх прыгожыя арнамэнты пры дапамозе вышыўкі або тэхнікі тыпу суташ.

У студзені будуць таксама паказы канцэртаў тыпу “сьвятло-гук”.

Г. Мазур: Так, мы распісалі конкурс на акустычную ўстаноўку, на якой таксама будуць замацаваныя каляровыя лямпачкі. Пакуль што мы назвалі гэта рабочай назвай Парк фантазіі. Гэта ўнікальнае прадпрыемства, я думаю, прынамсі ў нашай частцы Эўропы. Прыклады спалучэньня гуку са сьвятлом мы ўзялі з аднаго з японскіх палацаў. Там гэта абсалютны хіт, калі так можна сказаць. Мы аб’явілі конкурс і рыхтуемся да рэалізацыі Парку фантазіі, які будзе дапаўненьнем Лябірынту сьвятла.

Устаноўка, якая паявілася ў Вілянаве - ці гэта польскі праект?

Г. Мазур: Так, гэта польскі праект, які атрымаў патэнт на тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу. Мы вельмі ганарымся, што палякі задумалі й стварылі такую рэч.

Так што ў студзені, калі Палац у Вілянаве зачынены для наведвальнікаў, запрашаем у парк Вілянава. А пра новыя прапановы для турыстаў у Вілянаве распавялі Магдалена Мастыкаж і Гжэгаж Мазур.

Марыя Вечаркевіч/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт