Бэтлеемскі агонь міру ўжо тыдзень знаходзіцца ў Польшчы й перамяшчаецца па ўсёй краіне. У апошнюю нядзелю польскія харцэры атрымалі яго ад скаўтаў са Славаччыны падчас адмысловай Імшы ў Закапанэ – вядомым курортным гарадку ў польскіх Татрах.
Цягам тыдня агонь падарожнічаў па ўсёй краіне, каб трапіць у чарговыя гарады й населеныя пункты. Там агонь будзе распаўсюджаны ў школах, бальніцах, парафіях і па дамах.
„Сёлета штогадовую вандроўку агня суправаджае лёзунг „Выйдзі зь ценю! Пакажы дабро!” - кажа галоўны сьвятар Зьвязу польскага харцэрства ксёндз Рональд Касоўскі.
Рональд Касоўскі: Вельмі важная рэч - знаходзіць дабро й перадаваць яго іншым. На практыцы гэта азначае быць зь іншым чалавекам, быць салідарным зь іншымі. Гэта можа быць, напрыклад, дапамога камусьці старэйшаму або хвораму. Акрамя практычнай дапамогі, такі чалавек таксама атрымлівае агонь, які сымбалізуе надзею.
З Польшчы Бэтлеемскі агонь міру быў перададзены ва Ўкраіну, Расею й Летуву. Сёньня, 22 сьнежня, польскія харцэры стаялі ў цэнтральных месцах горада й раздавалі агонь усім жадаючым. У акцыі ўдзельнічалі больш за 20 гарадоў ва ўсёй Польшчы.
Агонь міру паходзіць з Базылікі Нараджэньня Езуса Хрыста ў Бэтлееме, адтуль ён распаўсюджваецца па ўсім сьвеце.
Польшча ўдзельнічае ў гэтай штогадовай акцыі з 1991 году.
18 сьнежня лямпада з Агнём міру была дастаўлена Папу Рымскаму Францішку падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.
аз
Каталіцкая ВНУ мае фінансавыя праблемы
Люблінскі каталіцкі ўнівэрсытэт трапіў у складаную сытуацыю.
Акадэмічная супольнасьць Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэта (KUL) сустрэлася з уладамі горада й ваяводзтва на перадкаляднай сустрэчы, каб падзяліцца аплаткай і ўзаемна сябе павіншаваць у „цяжкія часы”.
„Наша сустрэча дае надзею па некалькіх прычынах”, - сказаў рэктар унівэрсытэта, ксёндз прафэсар Антоні Дэмбіньскі.
Антоні Дэмбіньскі: ВНУ ўвяла матывацыйную сыстэму зарплатаў, мы таксама вярнуліся да рэктарскіх узнагародаў для навуковых супрацоўнікаў. Ёсьць некалькі фактараў, якія дазваляюць глядзець у будучыню з аптымізмам.
Гэта пазытыўная навіна, тым больш, што цягам апошніх месяцаў узьнікалі чуткі аб сур'ёзных фінансавых праблемах вядомай каталіцкай вучэльні.
„І сёньня ў нас шмат праблемаў, але мы жадаем нашай вучэльні, каб цемру разагнала Сьвятло” , - кажа Люблінскі мітрапаліт, арцыбіскуп Станіслаў Будзік - Вялікі канцлер Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэта.
арцыбіскуп Станіслаў Будзік: Каляды - гэта самая доўгая ноч у годзе, на працягу якой успыхае сьвятло. Такога сьвятла мы жадаем Люблінскаму каталіцкаму ўнівэрсытэту, Айчыне і ўсяму рэгіёну. Мы спадзяемся, што ў гэтым зіхаценьні й таямніцы Божага Нараджэньня магчымы новы, добры пачатак.
- сказаў мітрапаліт Станіслаў Будзік.
У гэтым годзе Люблінскі каталіцкі ўнівэрсытэт адзначае 95 гадоў свайго існаваньня. У жніўні рэктар ВНУ абвясьціў, што вучэльня знаходзіцца ў складанай фінансавай сытуацыі.
Сёлета грант Міністэрства навукі на заработную плату працаўнікам ВНУ склаў амаль 100 мільёнаў злотых (каля 25 млн. эўра). Тым часам плянаваны кошт заробкаў супрацоўнікаў складае 141 млн. злотых, і для гэтага неабходна выдаткаваць сродкі, раней прызначаныя на інвэстыцыі.
аз
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з журналістамі
Гэта ўжо традыцыя перад Божым Нараджэньнем.
17 сьнежня ў Мітрапалітальнай курыі ў Менску адбылася сустрэча Мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі й супрацоўнікамі СМІ. Гэтыя сустрэчы традыцыйна праходзяць перад Божым Нараджэньнем.
Па словах арцыбіскупа, год, які падыходзіць да завяршэньня, быў для Каталіцкага касьцёла „нялёгкім, але й інтэнсіўным”. Мітрапаліт назваў яго „годам двух Папаў’, узгадаўшы пра сыход з пасады Наступніка Пятра Бэнэдыкта XVІ і абраньне новага Пантыфіка – Францішка.
Сярод асноўных падзеяў у жыцьці Касьцёла ў Беларусі ў гэтым годзе іерарх назваў Год веры, які супаў з 400-гадовым юбілеем прыбыцьця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў.
Арцыпастыр паведаміў, што наступнай пастырскай праграмай Касьцёла ў Беларусі стане падрыхтоўка да 100-годзьдзя аб’яўленьняў Маці Божай у Фаціме.
Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пра прызначэньне Папам Францішкам у Беларусі новых біскупаў і падкрэсьліў важнасьць гэтай падзеі, дадаўшы, што апошні раз біскупская сакра ўдзялялася ў Беларусі 14 гадоў таму.
Іерарх пералічыў таксама асноўныя будучыя падзеі, сярод якіх - VІІІ Чэмпіянат Эўропы па міні-футболе сярод сьвятароў, які адбудзецца 24-28 лютага ў Лідзе, каталіцкі фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм „Magnificat”, які пройдзе ў менскім Чырвоным касьцёле 4-5 студзеня, урачыстасьць у Будславе і Ўсебеларуская малітоўная сустрэча моладзі, якая адбудуцца летам.
Мітрапаліт нагадаў таксама пра арышт ксяндза Ўладзіслава Лазара – „цяжкую падзею для Касьцёла ў Беларусі”, і пра тое, што, хоць сьледзтва яшчэ працягваецца, сьвятар нядаўна быў вызвалены са сьледчага ізалятара. Арцыбіскуп падзякаваў усім, хто моліцца ў інтэнцыі вырашэньня гэтай сытуацыі.
catholic.by/az
Калядная вячэра на кракаўскім Рынку
Традыцыйна сустрэчу падрыхтаваў уласьнік вядомага кракаўскага рэстарана.
Больш за сто тысяч варэнікаў, некалькі тысяч літраў традыцыйнага бурачковага напою й грыбнога супу - гэта ўсяго некаторыя стравы, якія былі падрыхтаваныя на XVII Калядную вячэру для бяздомных і маламаёмасных ў Кракаве. Гэта, дарэчы, найбуйнейшая ў Эўропе сустрэча такога роду.
Як і кожны год, вячэру разам са сваімі супрацоўнікамі рыхтаваў вядомы кракаўскі рэстаратар Ян Касьцюшка.
Кожны год на кракаўскі Рынак – галоўную плошчу Старога гораду - прыходзяць зьесьці перад Калядамі дзясяткі тысяч людзей.
Прадукты харчаваньня з даўжэйшым тэрмінам захоўваньня, якія ў кракавян прасілі прынесьці арганізатары вячэры, удзельнікі дабрачыннай вячэры змаглі забраць з сабой.
аз