Logo Polskiego Radia
Print

"Дакар-2014"

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 07.01.2014 16:23
Беларусы фінішавалі 11-мі на першым этапе маратону "Дакар-2014", а Рафал Сонік у гонцы квадрацыклаў завершыў заезд 4-м.
fot. PAP/EPA/Felipe Trueba


Беларускі экіпаж пад кіраўніцтвам пілёта Сяргея Вязовіча завяршыў першы заезд маратону "Дакар-2014" на 11-м месцы, пакінуўшы ззаду каля 60 грузавікоў. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі каманды "МАЗ-СПОРТаўта", якая ўдзельнічае ў сусьветна вядомым ралі-рэйдзе.

На пераадоленьне спэцадрэзка беларускаму экіпажу спатрэбілася без малога 2 гадзіны 57 хвілін. Ад пераможцы заезду — расейца Айрата Мардзеева — беларусы адсталі прыкладна на 10 хвілін. Трыюмфатар леташняга ралі — пілёт расейскай каманды "КАМАЗ-Майстар" Эдуард Мікалаеў — прыйшоў да фінішу пятым.

Другі грузавік "МАЗ", які пілятуецца беларусам Аляксандрам Васілеўскім, праехаў трасу 31-м (ягоны час — 3 гадзіны 23 хвіліны). У трэцяга экіпажа, які выконвае функцыю "хуткай тэхнічкі", зьявіліся сур'ёзныя праблемы пры праходжаньні маршруту.

Пасьля першага этапу ралі „Дакар” найлепшае месца сярод палякаў займае Рафал Сонік, які ў гонцы квадрацыклаў завершыў заезд на чацьвёртым месцы.

Сярод кіроўцаў аўтамабіляў сёмае месца заняў паляк Кшыштаф Галоўчыц ды шаснаццатае месца Марэк Дамброўскі з Яцэкам Чахарам, якія раней удзельнічаў у „Дакары” ў гонкаx матацыклістаў. Дамброўскі быў вельмі задаволены першым днём спаборніцтваў.

М. Дамброўскі: У нас не было асаблівых праблем. Нам удалося захаваць раўнамерны тэмп і пазьбегнуць памылак, таму вынік нават пераўзышоў мае спадзяваньні. Я не чакаў, што нам удасца адразу на першым адрэзку скочыць заезд у першай групе.


Удзельнікі "Дакару" стартавалі 5 студзеня ў аргентынскім горадзе Расарыа. У першы дзень ралі яны праехалі каля 800 км, у тым ліку спэцадрэзак працягласьцю 180 км. Першыя экіпажы завяршылі заезд далёка за поўнач паводле менскага часу, калі ў Аргентыне толькі заходзіць сонца.

Для цяперашняга "Дакару" на Менскім аўтазаводзе былі сабраныя адмысловыя спартовыя грузавікі зь меншай вагой і больш магутным рухавіком у параўнаньні з папярэднімі вэрсіямі. Пры вытворчасьці аўтамабіляў выкарыстоўваліся лёгкія кампазытныя матэрыялы. Усе экіпажы забясьпечаныя спадарожнікавымі тэлефонамі ад арганізатараў гонак "Дакар".

"Дакар-2014" зьяўляецца самым працяглым пасьля пераезду ў Паўднёвую Амэрыку. Ён праходзіць па тэрыторыях трох краін — Аргентыны, Балівіі й Чылі. Сябрам экіпажаў грузавікоў трэба праехаць 9.188 км, пазадарожнікаў — 9.374 км, пілётам матацыклаў і квадрацыклаў — 8.734 км. Усяго гоншчыкаў чакае 13 ралі-заездаў і адзін дзень адпачынку. Завершыцца ралі 18 студзеня ў чылійскім горадзе Вальпараіса. У гонцы ўдзельнічаюць 174 матацыклы, 40 квадрацыклаў, 147 пазадарожнікаў і 70 грузавых аўтамабіляў.

БелаПАН/ IAR/ эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт