Домрачава - трэцяя ў спрынце ў Антхольцы
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
17.01.2014 08:20
Домрачава заняла трэцяе месца ў спрынце на этапе Кубку сьвету па біятлёне ў Антхольцы.
Беларуская біятляністка Дар'я Домрачава заняла трэцяе месца ў спрынце 16 студзеня, у першы дзень шостага этапу Кубку сьвету ў Антхольцы (Італія).
Дыстанцыю 7,5 км спартоўка пераадолела за 20 хвілін 40,32 сэкунды з двума штрафнымі кругамі (0+2). Домрачава на 10,1 сэкунды адстала ад французкі Анаіс Бэскон (0+1) і на 3,4 сэкунды — ад немкі Андрэа Хэнкель (0+0).
Надзея Скардзіна фінішавала восьмай (20.54,3; 0+0), Людміла Калінчык — 28-й (21.41,0; 0+1), Анастасія Дубарэзава — 48-й (22.22,7; 1+2), Анастасія Каліна — 64-й (22.41,2; 0+2) сярод 100 удзельніц, якія даехалі да фінішу.
У агульным заліку Кубку сьвету Домрачава з 415 ачкамі займае другое месца, на 11 ачкоў адстаючы ад Габрыэлы Соўкалавай. Чэшка ў спрынце была дыскваліфікаваная. Скардзіна — на 29-м месцы (166), Калінчык — на 53-м (37), Дубарэзава — на 61-м (23), Надзея Пісарава — на 70-м (16).
17 студзеня ў Антхольцы пройдзе мужчынскі спрынт на 10 км.
БелаПАН/эб