Няшчасны выпадак больш небясьпечны, чым алергія
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
13.02.2014 15:18
Сьмерць ад алергіі здараецца ў 100 разоў радзей, чым у выніку няшчасных выпадкаў.
fot. mcfarlandmo/Wikimedia Commons/CC
Верагоднасьць сьмерці ад харчовай алергіі ў 10 разоў меншая, чым у выніку дарожнай аварыі, вылічылі брытанскія навукоўцы, якія апублікавалі свае вынікі ў часопісе Clinical & Experimental Allergy.
Ад харчовай алергіі пакутуюць 10% дзяцей і 2-3% дарослых. Да гэтага часу невядомыя прычыны ўзьнікненьня анафіляктычнага шоку – асабліва рэзкай алергічнай рэакцыі на ежу, якая можа скончыцца сьмерцю. Дакладная ацэнка колькасьці сьмерцяў ад анафіляктычнага шоку да гэтага часу не праводзілася.
Брытанскія навукоўцы прааналізавалі зьвесткі 13 дасьледаваньняў, праведзеных з 1946 па 2012 г., у якіх было апісана 240 сьмяротных выпадкаў анафіляктычнага шоку.
Параўнаўшы харчовую алергію зь іншымі магчымымі прычынамі сьмерці, навукоўцы вызначылі, што сьмерць ад анафіляктычнага шоку здараецца прыкладна ў 100 разоў радзей, чым ад рознага роду няшчасных выпадкаў. А ва ўзросьце да 19 гадоў верагоднасьць сьмерці ад харчовай алергіі ў 10 разоў меншая, чым ад няшчаснага выпадку. Напрыклад, у Эўропе здараецца 11 забойстваў на мільён чалавек у год, а ад няшчасных выпадкаў гінуць 324 асобы. У ЗША рызыка быць забітым крыху вышэйшая – штогод у Амэрыцы здараецца 61 забойства на мільён чалавек, а ад няшчасных выпадкаў там гіне 399 чалавек.
эб