Фота: Łukasz Szełemej
Ажылі старыя тэорыі пра істотны ўплыў вікінгаў на фармаваньне польскай дзяржаўнасьці. Зьявіўся таксама новы падыход, які паказвае зусім іншае ўзьдзеяньне выхадцаў са Скандынавіі на жыцьцё заходніх славян.
„Расьце папулярнасьць Фэстывалю славян і вікінгаў у Воліне, куды штогод прыязджаюць тысячы людзей. Гэта выразны сыгнал таго, што сёньня вікінгі нам патрэбныя”, — кажа архэоляг Лешэк Гардэла, вядомы спэцыяліст па эпосе вікінгаў, а таксама выкладчык Інстытуту архэалёгіі Жэшаўскага ўнівэрсытэту і навуковы супрацоўнік Цэнтру па сярэднявеччы і культуры ў Рэйкхольт у Ісьляндыі.
У папулярнай культуры вельмі распаўсюджаны міт пра вікінга як бязьлітаснага рабаўніка, які нападаў на прыбярэжныя вёскі. Між тым, па словах доктара Гардэлы, ня ўсё тут так відавочна.
„Перш за ўсё, складана апісаць тыповага вікінга. У англа-саксонскім сьвеце так прынята называць кожнага чалавека з абшару Скандынавіі эпохі VIII-XI стагодзьдзяў. Крыху іншы падыход пераважае на кантынэнце. Лінгвістычны аналіз выразу „вікінг” таксама дае супярэчлівыя ацэнкі, адзначае др Гардэла.
Магчыма, слова „вікінг” паходзіць ад старажытнаскандынаўскага „вік”, у такім выпадку „вікінг” азначаў бы жыхара затокі. У іншым значэньні, таксама на падставе лінгвістычнага аналізу, выраз „вікінг” трэба было б спалучаць зь дзеяньнем, а ня месцам. Тады „вікінг” азначала б плаваньне з мэтаю рабаваньня, то бок, проста пірацтва. У гэтым сэнсе „вікінг” — гэта часовая прафэсія, якая дазваляе хутка ўзбагаціцца. Між тым, як кажа др Гардэла, нядаўна дасьледнікі прапанавалі яшчэ адну інтэрпрэтацыю, згодна зь якой этымалёгія тэрміну таксама зьвязаная зь дзеяньнем, але азначае „зьмену месцазнаходжаньня падчас веславаньня”. У гэтым кантэксьце „вікінг” — гэта чалавек, які займаецца веславаньнем, а не крывавы рабаўнік.
„Стэрэатып крывавага вікінга зьявіўся ў папулярнай культуры, верагодна, пад уплывам заходняй культуры. Усім добра вядомыя англа-саксонскія гістарыяграфічныя апісаньні скандынаўскіх нападаў на Англію або Шатляндыю. Яны, зрэшты, пацьвярджаюцца вынікамі нядаўніх раскопак,” — дадае архэоляг.
Польскія навукоўцы зацікавіліся тэмай вікінгаў даўно, яшчэ ў эпоху падзелаў Рэчы Паспалітай у дзевятнаццатым стагодзьдзі. Самае гучнае рэха выклікала праца Караля Шайнохі, гісторыка Львоўскага ўнівэрсытэту, у якім ён сьцьвярджаў, што зьяўленьне польскай дзяржавы адбылося дзякуючы ляхіцкім плямёнам, якія па свайму паходжаньню былі скандынаўскімі.
Гэта была вельмі сьмелая тэорыя, якая грунтавалася, з нашага пункту гледжаньня, на надуманых лінгвістычных дадзеных. Аўтар ня меў у распараджэньні ані архэалягічных сьведчаньняў, ані пісьмовых крыніц. Аргумэнты, якія прыводзіў Шайноха, нядаўна ажылі ў кнізе „Вікінгі стварылі Польшчу?” Зьдзіслава Скрока.
Аднак, паводле многіх дасьледнікаў, няма моцных доказаў прысутнасьці скандынаваў на польскай зямлі.
Яшчэ нядаўна польскія архэолягі настойва сьцьвярджалі, што жыхары Скандынавіі часта хавалі сваіх памерлых у „падземных камэрах” — у зямлі капалі яму, сьцены абкладвалі драўнінаю, такім чынам атрымліваліся сваеасаблівыя „падземныя пакоі”. І ўсе падобныя збудаваньні, знойдзеныя на польскіх землях, разглядаліся як месцы пахаваньня вікінгаў. Між тым дакладны аналіз спосабаў пахаваньняў у Скандынавіі і блізкіх ёй раёнах паказвае, што гэты спосаб ня быў вельмі распаўсюджаным і тыповым для пахаваньняў у рэгіёне.
Дасьледнікі зьвяртаюць увагу на той факт, што важная ня толькі форма труны, а і яе аснада, а апошняе ў польскіх пахавальных камэрах не пацьвярджала паходжаньня памерлых з далёкай Поўначы. Напрыклад, у магільнях, якія да гэтага часу лічыліся скандынаўскімі, пераважна няма зброі, рэштак жывёл і ювэлірных вырабаў такога паходжаньня. Зрэшты, дызайн біжутэрыі сьведчыць хутчэй пра славянскія ўплывы.
Дык як тады скандынавы хавалі сваіх памерлых на землях цяперашняй Польшчы? Ці можна нейкім чынам прасачыць іх шлях? Па словах доктара Гардэлы, гэта вельмі цяжкая задача, таму што скандынаўскія супольнасьці раньняга сярэднявечча хавалі сваіх памерлых па-рознаму, а часам малаадметна, напрыклад, у звычайную магілу клалі цела, а побач зь ім адно толькі лязо. Такіх магіл у раньнесярэднявечнай Польшчы было шмат і ніхто ніколі не лічыў іх вікінгавымі.
У кантэксьце скандынаўскіх уплываў архэолягамі дасьледуецца апошнім часам мясцовасьць Волін. Паводле навукоўцаў, гэтае месца можна параўнаць са свабоднай зонай гандлю ў сучасных аэрапортах. Там зьмяшаліся ўплывы гандляроў з розных, нават вельмі аддаленых частак сьвету.
Некаторыя знаходкі ў Воліне блізкія стылю вікінгаў. Адсюль выснова, што на землях сёньняшняй Польшчы на самой справе існавала група рамесьнікаў і гандляроў з далёкай Поўначы, кажа дасьледнік.
Скандынавы, несумненна, былі прысутныя на польскіх землях, але іх актыўнасьць была засяроджаная найперш на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. Гэта былі ў асноўным гандляры і карабейнікі. У архэалягічным матэрыяле няма ніякіх прыкмет канфлікту з чужой сілай — вікінгамі–захопнікамі.
„На падставе ацэнкі ўсіх доказаў, на сёньняшні момант можна зрабіць выснову, што скандынавы ня мелі вялікага ўплыву на фармаваньне польскай дзяржаўнасьці”, — заключае др Лешэк Гардэла.
эб/naukawpolsce.pap.pl