Боль гуртуе калектыў
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
15.09.2014 06:06
Навукоўцы даказалі, што боль умацоўвае пачуцьцё салідарнасьці і згуртаваньня ў калектыве.
Нягледзячы на ўсе непрыемныя адчуваньні, боль ўмацоўвае групавую салідарнасьць і будуе больш цесныя грамадзкія сувязі, сьцьвярджаюць аўстралійскія псыхолягі. Вынікі іх досьледу на дадзеную тэму прадстаўленыя ў часопісе Psychological Science.
Навукоўцы правялі сэрыю экспэрымэнтаў са студэнтамі. Яны падзялілі дабраахвотнікаў на невялікія групы, пасьля чаго папрасілі студэнтаў разам выканаць заданьне. У некаторых групах яно суправаджалася болевымі адчуваньнямі рознага ўзроўню, а ў іншых не.
Удзельнікаў досьледу папрасілі знайсьці мэталічныя шарыкі ў вядры з вадой і зьмясьціць іх у адмысловы кантэйнэр (у тым жа вядры). Вада пры гэтым магла быць ледзяной або нармальнай тэмпэратуры. У другім экспэрымэнце частка студэнтаў павінна былі прысесьці (але не да канца) і заставацца нерухома ў зададзенай пазыцыі, а студэнты зь іншыx групаў павінны былі стаяць на адной назе, прычым яны маглі пераступаць з правай на левую нагу і абапірацца аб сьцяну (што робіць практыкаваньне значна менш балючым). У трэцім, самым балючым, на думку навукоўцаў, экспэрымэнце людзі разам елі вельмі вострыя чыпсы.
Пасьля досьледаў дабраахвотнікаў папрасілі прайсьці тэст, які вывучаў іх стаўленьне да іншых людзей у групе. І высьветлілася, што студэнты, якія разам прайшлі балючыя заданьні, выказваліся значна больш прыхільна да «сваёй» групы. Яны таксама былі значна больш схільнымі да ўзаемадапамогі і ахвяраваньня асабістай выгадай дзеля калектыву. Трэці, самы пакутлівы, экспэрымэнт толькі ўзмацніў іх вернасьць групе і гатоўнасьць служыць агульным інтарэсам.
Дасьледчыкі падкрэсьліваюць, што групы імі не ствараліся, людзі былі падабраныя выпадкова і адрозьніваліся па полу, узросту, этнічнай прыналежнасьці і сацыяльнаму статусу. Адзіным аб'яднальным фактарам стаў перажыты разам боль. Гэтае дасьледаваньне экспэрымэнтальна даказала гіпотэзу пра боль як інтэгруючы чыньнік.
эб