Марсіянскія місіі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
25.09.2014 10:42
Індыя зрабіла велізарны крок наперад у асваеньні космасу.
Індыя ўвайшла ў элітны клюб краінаў, прысутных на арбіце Марса. Пакуль што пасьпяховымі марсіянскімі місіямі могуць пахваліцца толькі NASA і Эўрапейскае касьмічнае агенцтва. Частковага прагрэсу дасягнуў у мінулым Савецкі Саюз.
Між тым пра індыйскі посьпех варта згадаць ня толькі таму, што гэта першая азіяцкая краіна, якая накіравала пасьпяховую місію ў раён Марса, але і з увагі на яе кошт. Індыя выдаткавала на місію крыху больш за $70 мільёнаў. Гэта амаль у 10 разоў менш, чым кошт місіі, праведзенай NASA з удзелам марсахода Maven, які даляцеў да Чырвонай плянэты некалькі дзён таму. Індыя -- адзіная краіна, якая можа казаць аб посьпеху сваёй першай місіі.
Высланы Індыяй зонд Mangalyaan абсталяваны пяцю навукова-дасьледчымі інструмэнтамі. Яго мэтай зьяўляецца вывучэньне паверхні Марса і пошук мэтану ў яго атмасфэры. Апарат будзе заставацца на арбіце на працягу паўгоду. Пазьней у яго скончыцца паліва.
Першай краінай, якая спрабавала адправіць місію на Марс, быў Савецкі Саюз. Касьмічны апарат Марс 1M, запуск якога быў праведзены 10 кастрычніка 1960 г., павінен быў праляцець вакол Чырвонай плянэты. Місія сарвалася на этапе запуску. Праз чатыры дні іншы Марс 1M таксама таксама ня здолеў стартаваць. Поўнай паразай скончылася і трэцяя спроба пуску, праведзеная ў 1962 годзе. Толькі ў выпадку чацьвёртай спробы, якую ажыцьцявілі 1 лістапада 1962 году, можна казаць аб частковым посьпеху. Кантакт з зондам абарваўся яшчэ перад тым, як ён даляцеў да Марса, аднак яму ўдалося перадаць на Зямлю некаторыя зьвесткі. Мяркуецца, што ён пралецеў у адлегласьці 193 000 км ад плянэты.
ЗША далучыліся да марсіянскай гонкі 5 лістапада 1964 г. запускам марсаходу Mariner 3, які, аднак, з-за памылак ня здолеў пакінуць зямную атмасфэру. Чарговая амэрыканская місія была ўжо вялікім посьпехам. Зонд Mariner 4, запушчаны 28 лістапада 1964 году, праляцеў побач з Марсам і прыслаў на Зямлю 21 фатаграфію. У 1969 годзе амэрыканцы правялі яшчэ дзьве пасьпяховыя місіі міжплянэтных станцый Mariner 6 і 7, а запушчаны 30 траўня 1971 г. Mariner 9 быў першым зямным аб'ектам, які апынуўся на арбіце Марса. Ён прыбыў на Марс два тыдні раней, чым запушчаны крыху раней савецкі Марс 2. Дарэчы, была гэта першая ў значнай ступені пасьпяховая савецкая місія, падчас якой касьмічны апарат знаходзіўся на арбіце Марса. Савецкі Саюз быў таксама першай краінай, якая паставіла перад сабой мэту прызямліцца на Марсе. Усе спробы, аднак, былі няўдалымі. Гэта ўдалося толькі ў 1975 годзе амэрыканцам. З таго часу большасьць амэрыканскіх марсіянскіх місій праходзяць пасьпяхова, у той час як Савецкі Саюз і апошнімі гадамі Расея відавочна адстаюць у галіне дасьледаваньня Марса.
Свае сілы ў космасе таксама выпрабавалі японцы, якія ў 1998 выстралілі зонд Nozomi, аднак яму не ўдалося выйсьці на арбіту. У 2003 годзе адбылася місія Эўрапейскага касьмічнага агенцтва. Апарат Mars Express па-ранейшаму працуе на арбіце Чырвонай плянэты, хоць марсаход ангельскай вытворчасьці Бігль 2 ня здолеў удала прызямліцца на паверхні. Яго лёс застаецца невядомы.
Сёньня на Марсе вядзецца рэкордная колькасьць місій. Самая працяглая зь іх была распачатая NASA ў 2001 г., калі быў запушчаны Mars Odyssey, які да гэтага часу знаходзіцца на арбіце Чырвонай плянэты. Са студзеня 2004 году пасьпяхова працуе марсаход Opportunity Mars, а з 2006 г. плянэту з арбіты дасьледуе Mars Reconnaissance Orbiter. Знакаміты марсаход Curiosity знаходзіцца на Чырвонай плянэце са жніўня 2012 году. Літаральна некалькі дзён таму на арбіце Марса пачаў сваю працу MAVEN, а цяпер да яго далучыўся і індыйскі Mangalyaan.
У агульнай складанасьці, на Марсе ў цяперашні час праводзіцца 7 місій, у тым ліку адна Эўрапейскага касьмічнага агенцтва, адна індыйская і пяць праектаў NASA.
Бліжэйшыя заплянаваныя місіі: NASA рыхтуе праект InSight, які, як чакаецца, пачнецца ў сакавіку 2016 г. Буйная місія ExoMars, якая будзе складацца з двух стартаў, плянуецца ЭКА і Роскосмосам. У межах першага стару на арбіту Марса будзе выведзены спадарожнік, а на паверхні плянэты будзе разьмешчаны пасадачны модуль. Праз два гады, у 2018 г., у межах другой часткі місіі на паверхні Чырвонай плянэты будзе разьмешчаны расейскі марсаход ExoMars. У сваю чаргу ў 2020 г. NASA пачне місію Mars 2020.
эб