Logo Polskiego Radia
Print

„Вызвалі энэргію!”

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 26.09.2014 18:24
  • 00884cdb.mp3
Конкурс, закліканы папулярызаваць экалягічна чыстыя крыніцы энэргіі, быў праведзены „Greenpeace Polska”.


З нагоды 10-ага дня нараджэньня „Greenpeace Polska” абвясьціла конкурс „Вызвалі энэргію!”, у якім асобныя людзі або ўстановы маглі выйграць фотаэлектрычныя мікраўстаноўкі. Журы абрала троx ляўрэатаў — яны атрымаюць ўстаноўку, якую „Greenpeace” таксама дапаможа ім ўсталяваць. Пераможцамі сталі: арганізацыя „Сад жыцьця”, прытулак для зьвяроў у Карабевіцах і грамадзкасьць Жураўлёва. Агульны кошт узнагародаў складае 100 000 злотых.

Экалягічная арганізацыя „Greenpeace Polska” сьвяткуе свой дзесяты дзень нараджэньня. З гэтай нагоды яна абвясьціла агульнанацыянальны конкурс, закліканы папулярызаваць экалягічна чыстыя крыніцы энэргіі. У конкурсе маглі стартаваць людзі або ўстановы, якія ў будзённым жыцьці дзеляцца станоўчай энэргіяй зь іншымі, апавядае прэсавы сакратар арганізацыі „Greenpeace Polska” Катажына Гузэк.

Катажына Гузэк: Конкурс быў адрасаваны, у прынцыпе, да ўсіх. Да ўдзелу ў ім можна было прапанаваць людзей або ўстановы: прытулкі для зьвяроў, госьпісы і самыя розныя іншыя арганізацыі, якія ў будзённым жыцьці дзеляцца добрай энэргіяй. Калі мы кажам „добрая энэргія”, то маем на ўвазе людзей, якія робяць нешта добрае для іншых: для людзей, зьвяроў і проста для сьвету.
Заявак мы атрымалі каля 140. Зь іх былі выбраныя 30 праектаў і за іх можна было галасаваць у інтэрнэце. Карыстальнікі інтэрнэту маглі выбіраць самыя цікавыя праекты. Да галасаваньня далучылася каля 20 тыс. людзей. У выніку былі выбраныя 10 праектаў, якія карысталіся найбольшай папулярнасьцю сярод карыстальнікаў інтэрнэту. І ў рэшце з гэтых 10-і журы выбрала тры.
„Greenpeace” у якасьці ўзнагароды устанавіў фотаэлектрычныя мікраўстаноўкі, паколькі сёлета мы адзначаем 10-ыя ўгодкі дзейнасьці ў Польшчы. Узнагароды – гэта сонечныя панэлі са зборкаю і ўсталяваньнем, бо апроч панэляў мы абявязаліся іх сабраць і падключыць, каб яны адразу маглі працаваць.


Гэты праект карыстаўся даволі вялікім зацікаўленьнем сярод карыстальнікаў інтэрнэту. Журы высока ацаніла выбраныя імі праекты. Пераможцамі конкурсу „Вызвалі энэргію!” сталі: арганізацыя „Сад жыцьця”, прытулак для зьвяроў у Карабевіцах і грамадзкасьць мясцовасьці Жураўлёў. Усе яны атрымаюць фотапанэлі. Агульны кошт узнагародаў складае 100 000 злотых. Апавядае Катажына Гузэк.

Катажына Гузэк: Калі казаць пра „Сад жыцьця” — гэта незвычайная, нетыповая арганізацыя ў Польшчы. Гэта адзіны цэнтар, у якім могуць жыць і праходзіць рэабілітацыю дарослыя людзі, якія пакутуюць на аўтызм. Журы вырашыла ўзнагародзіць гэты праект з увагі на выключны характар яго дзейнасьці. Дарослыя, што хварэюць на аўтызм, у Польшчы сьпіхваюцца на задні плян. Гэта грамадзкая праблема, пра якую няшмат гаворыцца, а яна насамрэч вельмі сур’ёзная. Дзеці і зьвяры хутчэй кранаюць сэрцы, лягчэй знайсьці сродкі на іх падтрыманьне, а вось з дарослымі ўсё значна цяжэй, яны пакінутыя самі сабе. І мы вырашылі адзначыць „Сад жыцьця” за яго выключнасьць і за тое, што займаецца людзьмі, пра якіх ні дзяржава, ні грамадзтва не клапоцяцца.
Чарговы ляўрэат — прытулак для зьвяроў у Карабевіцах. Яго мы адзначылі як прыклад прытулку, які яшчэ нейкі час таму ледзь існаваў, там пастаянна не хапала сродкаў і ўстанова стаяла пад пагрозай ліквідацыі. Потым яго ўзяла пад адміністраваньне іншая арганізацыя і цяпер гэты прытулак можна сьмела ставіць у прыклад.
Трэцюю ўзнагароду атрымала грамадзкасьць Жураўлёва. Жыхары гэтай мясцовасьці на працягу 400 дзён пасьпяхова блякавалі пробнае сьвідраваньне, мэтаю якога была здабыча сланцавага газу ў ваколіцы. Мы адзначылі грамадзкасьць, якая цьвёрда супрацьставілася сьвідраваньням на іх зямлі. 400 дзён запар удзень і ўночы там працягвалася блякада. Акцыя скончылася посьпехам — інвэстар кінуў праект. Мы хацелі адначыць грамадзкасьць, якая дзейнічала разам і пасьлядоўна, рука ў руку абараняла бліжэйшае навакольле ад зьнішчэньня. Мала таго, мясцовая супольнасьць не супакоілася тым, што інвэстар пакінуў іх мясцовасьць. Гэтыя людзі вырашылі працягваць дзейнасьць, яны заснавалі таварыства „Зялёны Жураўлёў”, якое цяпер будзе прасоўваць аднаўляльную энэргетыку ў рэгіёне і дапамагаць іншым супольнасьцям, якія змагаюцца і выступаюць супраць плянаў здабычы сланцаў. Узнагарода — сонечныя панэлі будуць зьмешчаныя на будынку Пажарнай службы ў Жураўлёве, дзе цяпер зьбіраецца і працуе таварыства.


„Greenpeace Polska” абяцае ўсталяваць сонечныя панэлі пераможцам яшчэ гэтай восеньню. Дадатковую інфармацыю аб пераможцаx конкурсу можна атрымаць на сайце www.greenpeace.pl/konkurs.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт