Logo Polskiego Radia
Print

Алімэнты - усё залежыць ад сытуацыі былых мужа і жонкі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.12.2014 15:58
Хто ад каго можа патрабаваць алімэнты?

/

Сям’я, дзеці – амаль кожны марыць аб тым, каб мець каля сябе блізкага чалавека. Але не заўсёды сямейнае шчасьце трывае доўга. Часам сумеснае жыцьцё не складваецца, людзі расстаюцца. Калі ў сям’і не было дзяцей, то развод праходзіць адносна гладка, а калі было патомства, то справы ўскладняюцца.

А сёньня мы паразважаем пра непасрэдны вынік расстаньня – алімэнты на дзяцей. Вакол алімэнтаў у Польшчы існуе шмат меркаваньняў – што бацькі ўсімі сіламі стараюцца ўхіліцца ад гэтага абавязку, наймаюць добрага адваката, каб толькі не плаціць, а зь іншага боку некаторыя мамашы робяць усё магчымае, каб з былога мужа ці партнэра выбіць апошнюю капейку. І нават здараецца, што дарослыя дзеці падаюць у суд на бацькоў, каб тыя плацілі ім алімэнты, і наадварот, старыя бацькі патрабуюць алімэнты ў дарослых дзяцей. Як на самой справе выглядае сытуацыя?

Хто ад каго можа патрабаваць алімэнты? Гэта пытаньне да юрыста Агнешкі Мяцельскай.

А. Мяцельска: Жонка або муж стаіць на першай лініі агня. На другім месцы – дзеці, пазьней бацькі, і на канцы браты і сёстры. Непаўнагадовае дзіця заўсёды павінны ўтрымліваць бацькі, горш, калі бацькі не ў стане гэта рабіць. Скажам, яны беспрацоўныя, цяжка хворыя, тады гэта абавязак дзядулі і бабулі.

Часта чуваць пра судовыя працэсы, падчас якіх былыя жонка і муж сварацца за алімэнты. Але зусім неабавязкова ісьці ў суд, каб атрымаць грошы на дзіця або дзяцей. Дастаткова, каб бацькі дамовіліся паміж сабою, хто каму плаціць.

А. Мяцельска: У суд ідзем тады, калі ёсьць канфлікт. Але кожная дамова паміж людзьмі ідзе перад судом. Можа я не павінна пра гэта гаварыць людзям, паколькі гэта мая праца, я адвакат, зарабляю на такіх канфліктах. Тым ня менш, я жадаю людзям дамаўляцца паміж сабою, а не зьвяртацца ў суд. Іншая справа, калі людзі афіцыйна разводзяцца, а ня толькі расстаюцца. У пастанове суду павінна быць рашэньне, хто займаецца дзіцём і якія грошы атрымлівае ад былога мужа або жонкі. Суд гэтым павінен заняцца.

Адкуль суд ведае, які памер алімэнтаў прызначыць у канкрэтным выпадку? Як правіла дзеці застаюцца з маці, а судзьдзі – таксама жанчыны, якія цудоўна ведаюць, колькі каштуе выхаваньне дзіцяці.

А. Мяцельска: Могуць быць розныя патрэбы – скажам, патрэбна больш грошай у выпадку цяжка хворага дзіцяці. Судзьдзі, пераважна жанчыны, з уласнага досьведу ведаюць, колькі каштуюць садок, школа, замежныя мовы і гэтак далей. Іншая справа, што дзіця мае права жыць на такім узроўні, на якім жыло раней. Таму вельмі багаты бацька ня зможа “выпрасіць” нізкі ўзровень алімэнтаў. Памер алімэнтаў залежыць ад магчмасьцяў бацькі або маці іх плаціць. Скажам, перакладчык, ведае 7 замежных моваў, але сам гаворыць, што ў яго няма працы, ніхто да яго не зьвяртаецца. Тым ня менш, суд бярэ пад увагу яго патэнцыйныя магчымасьці зарабіць.

Няма верхняй мяжы узросту, да якога неабходна плаціць алімэнты на дзіця. Нават пасьля 18-га году жыцьця, калі такая асоба вучыцца, трэба плаціць. Да таго часу, пакуль чалавек сам зможа сябе ўтрымаць. Але ёсьць атрыкул, у якім гаворыцца, што той, хто плаціць алімэнты, можа адмовіцца ад гэтага абавязку, калі паўнагадовае дзіця не стараецца знайсьці працу і само сябе ўтрымліваць.

Пасьля расстаньня бацькоў паяўляецца шмат спрэчных момантаў. Напрыклад, бацька плаціць алімэнты на дзіця, але кожнае лета праводзіць некалькі тыдняў з сынам або дачкой на канікулах. Ці на гэты час ён можа перастаць плаціць? На жаль, няма такой магчымасьці.

А. Мяцельска: Нельга на час канікул не плаціць алімэнтаў. Няма такога прынцыпу. Але людзі могуць паміж сабою дамовіцца, таксама можна ісьці ў суд і спрабаваць дамагчыся такога правіла. На практыцы, калі суд прызначыў алімэнты, трэба іх плаціць увесь год.

Пра алімэнты на дзяцей распавяла адвакат Агнешка Мяцельска. Радзей здараецца, што алімэнтаў ад дарослых дзяцей патрабуюць бацькі, якія ў пажылым узросьце ня могуць пражыць за сваю пэнсію. А нядаўна дарослы мужчына падаў у суд на бацькоў за дрэннае дзяцінства. Ён працуе, атрымаў вышэйшую адукацыю, але вырашыў, што яго бацькі дрэнныя, не давалі ў дзяцінстве каханьня і цяпла, і таму павінны заплаціць яму кампэнсацыю. І патрабуе ад бацькоў 200 тыс. злотых.

нг



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт