Беларускія гоншчыкі на "Дакары"
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
06.01.2015 09:09
Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" ў Аргентыне бярэ ўдзел у міжнародным ралі-рэйдзе "Дакар-2015".
Ралі-рэйд праходзіць з 4 па 17 студзеня па тэрыторыі трох краін — Аргентыны, Балівіі і Чылі. Экіпажы стартавалі і будуць фінішаваць у Буэнас-Айрэсе. Працягласьць трасы перавысіць 9 тыс. кілямэтраў, а некаторыя ўчасткі пройдуць на вышыні звыш 3,5 тыс. мэтраў.
Удзельнікі беларускай каманды на самалёце дабраліся да Буэнас-Айрэса, дзе некалькі дзён чакалі пачатку гонкі.
Усяго ад Беларусі на ралі-рэйд накіраваліся прыблізна 30 чалавек, у тым ліку гоншчыкі, штурманы, мэханікі і спартовы мэдык. Склад пілётаў не зьмяніўся: кіруюць спартовымі грузавікамі Сяргей Вязовіч, Аляксандар Васілеўскі і Аляксандар Палішчук.
Раней, перад прыездам гульцоў, у Паўднёвую Амэрыку на караблі былі адпраўленыя іх спартовыя грузавікі, якія каманда пераняла 30 сьнежня.
На ралі беларуская каманда выстаўляе тры грузавікі — два асноўныя экіпажы і "хуткую тэхнічку". Асноўная задача апошняй — дапамагаць двум іншым экіпажам падчас гонкі пры паломках.
Як паведамілі ў камандзе, на "Дакары" беларусы разьлічваюць трапіць у першую дзясятку. МАЗ сёлета дапрацаваў аўтамабілі для ралі-рэйда: канструкцыі сталі лягчэйшымі, рухавікі — мацнейшымі. У прыватнасьці грузавік пад кіраваньнем Сяргея Вязовіча скінуў 150 кіляграмаў вагі і атрымаў абноўлены матор на 912 конскіх сіл. Каманда таксама пастараецца выйграць час за кошт хуткасьці атрыманьня інфармацыі і надзейнай сувязі — velcom забясьпечыць беларусам бясплатны роўмінг.
"МАЗ-СПОРТаўта" выступае на "Дакары" ўжо ў чацьвёрты раз.
Уладальнік каманды — Менскі аўтазавод, тэхнічны партнэр — апэратар velcom.
БелаПАН/эб