Logo Polskiego Radia
Print

Жыцьцё пасьля выйгрышу

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 05.03.2015 10:10
  • 05.03.2015.mp3
Як людзі распараджаюцца выйгранымі ў лятарэю буйнымі сумамі?

Фота:
Фота: Amy Sancetta/AP Photo

Сацыялягічныя досьледы паказваюць, што пераможцы лятарэй вядуць сябе вельмі абачліва. Яны ня трацяць грошай на дарагія пакупкі, не звальняюцца з дакучлівай працы, імкнуцца захаваць атрыманыя дзякуючы посьпеху сродкі ў скарбонцы і мараць пра яшчэ большыя сумы. Свой выйгрыш шчасьліўчыкі ўспрымаюць як дар зьверху, таму стараюцца не спудзіць птушку шчасьця.

У папулярнай псыхалёгіі ёсьць свае тэорыі пра тое, чаму людзі гуляюць у азартныя гульні і купляюць лятарэйныя білеты. У іх зьвяртаецца ўвага на веру ў посьпех, любоў да гульні дзеля самой гульні, на рэакцыю мозгу на мары аб выйгрышы. Значна менш вядома аб тым, як людзі распараджаюцца выйгранымі ў лятарэю буйнымі сумамі, як яны выкарыстоўваюць іх у сямейным бюджэце, як ставяцца да такіх проста вар'яцкіх сум. Гэтымі пытаньнямі задалася швэдзкая сацыёляг Анна Хэдэнус і ўзяла інтэрвію ў 11 суайчыньнікаў, якія выйгралі ў лятарэю ад 100 000 да 600 000 эўра.

Аказваецца, шчасьліўчыкі баяцца грошай, якія на іх зваліліся, стараюцца прызвычаіцца да думкі, што яны ёсьць. Часта іх адкладваюць на будучыню або прызначаюць на выплату крэдытаў ды іншыя будзённыя патрэбы, а вызваленыя дзякуючы гэтаму звычайныя даходы, наадварот, выдаткоўваюць на забаву: турпаездкі і паходы ў рэстаран. Выйгрыш ўспрымаецца як дар зьверху. Ва ўсеагульным уяўленьні асьцярожны і разважлівы падыход да грошай зь лятарэй важны для таго, каб ня страціць прыхільнасьці лёсу ў будучыні.

Грошы, як адзначае сацыёляг, для чалавека не зьяўляюцца чымсьці аб'ектыўным: людзям уласьціва адрозьніваць брудныя грошы ад чыстых – атрыманыя слушным і грамадзка прызнаным спосабам ад нелегальных. Навукоўцам ня сёньня вядома, што прастытуткі, напрыклад, трацяць свае заробкі ў асноўным на наркотыкі, алкаголь і пагулянкі. Зь іншага боку, мафіёзі, наадварот, часта чысьцяць злачынны прыбытак, укладваючы грошы ў дабрачыннасьць.

У Эўропе лятарэі вельмі папулярныя, аднак многія пабойваюцца, каб выйгрыш не разбурыў іх звыклага жыцьця, адносін з блізкімі і не прывёў да фінансавага краху: дазволіўшы сабе размантачваць на забаўкі грошы, якія лёгка дасталіся, чалавек можа захапіцца і пусьціць на вецер усю сваю маёмасьць.

Вось чаму лятарэйныя выйгрышы падаюцца небясьпечнымі і чаму выдаткоўваць іх варта асабліва асьцярожна.

Усе 11 інфармантаў Хэдэнус (пяць мужчын і шэсьць жанчын рознага ўзросту і грамадзкай пазыцыі) адклалі выйгрыш у скарбонку і ў размовах з дасьледніцай настойліва зьмяншалі атрыманую суму.

Арганізатар гульні дапамагае пераможцам ўпісаць атрыманую буйную суму ў паўсядзённы рытм, разьбіваючы яе на штомесячныя выплаты, расьцягнутыя на шмат гадоў. Інфарманты нярэдка апісваюць іх як звычайную крыніцу дадатковага прыбытку і працягваюць марыць пра яшчэ буйнейшыя сумы, на якія яны б ужо купілі раскошную машыну, адправіліся б у круіз або зьнялі кватэру ў цэнтры Стакгольма. Тым ня менш ніхто не рызыкнуў назваць свой выйгрыш невялікімі грашыма – гэта было б праявай няўдзячнасьці да фартуны, мяркуе вучоная.

А на што ж пайшлі лятарэйныя грошы? Вядома, пераможцы лятарэй не ўстрымаліся і выдаткавалі нейкія сумы на новыя машыны, добрую ежу, дарагую вопратку і гэтак далей. За гэтыя выдаткі падчас інтэрвію яны ўсяляк апраўдваліся: гэтак вырашылі іх сябры і родныя, трошкі пацешыцца ня шкодна, чаму б не «парадавацца выйгрышу». Аднак ні для каго з апытаных лятарэйныя грошы (немалыя па швэдзкіх мерках) не праклалі шляху да вышэйшых слаёў грамадзтва: наадварот, яны пайшлі на падтрыманьне звычайнага ўзроўню жыцьця. Напрыклад, адзін зь інфармантаў наняў адваката, які дапамог выйграць працоўную спрэчку з кампаніяй, якая звольніла яго з працы. Для іншых выйгрыш стаў адзінай крыніцай зьберажэньняў на старасьць або спосабам урэшце расплаціцца з банкам за крэдыт. Ніхто нават ня думаў жыць на лятарэйныя грошы і кінуць дакучлівую працу.

Неспадзяваныя грошы паслужылі свайго роду страхоўкай ад злога лёсу, рэзэрвовым фондам на выпадак непрадбачаных выдаткаў. Многія адклалі іх на адукацыю дзяцей або на старасьць.

Магчыма, такое стаўленьне да грошай многім падасца характэрным выключна для разважлівых скандынаваў. У іншых краінах пакуль не вывучалі паводзінаў шчасьліўчыкаў, што выйгралі ў лятарэю. Аднак дасьледаваньне прафэсійных гульцоў у покер паказала, што ў дачыненьні да выйгрышу ў азартныя гульні ніхто ня схільны ўжываць правіла «лёгка прыйшло – лёгка сышло». Шалёныя грошы, вядома, даюць волю, але не бязьмежную, а толькі невялікі яе глыток.

Страх перад вар'яцкімі сумамі, якім бы шляхам яны ні былі атрыманыя, уласьцівы ўсім народам, кажуць навукоўцы. Зрэшты, за рамкамі дасьледаваньня засталося тое, як людзі зьмяняюцца пад уплывам грошай, наколькі трывалай акажацца дэкляраваная імі разважлівасьць.

эб/lenta.ru

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт