Палякі супраць электронных цыгарэтаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.08.2015 14:36
Яны сумняваюцца ў іх бясшкоднасьці.
flickr.com
Большасьць палякаў лічыць, што курэньне электронных цыгарэтаў у грамадзкіх месцах павінна быць забаронена. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага цэнтрам „SW Research” для тыднёвіка „Newsweek”.
„Найчасьцей гэткае меркаваньне выказваюць асобы з вышэйшай адукацыяй і высокімі даходамі”, - кажа Пётр Зімользак з „SW Research”.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, колькасьць асобаў, якія кураць электронныя цыгарэты ў Польшчы, расьце, і цяпер складае каля 1 мільёна 300 тысяч чалавек.
„Я - прыхільніца абмежаваньня магчымасьці курэньня электронных цыгарэтаў у грамадзкіх месцах, то бок на месцы працы, у школах, у мэдычных установах”, - заяўляе віцэ-міністар аховы здароўя Бэата Малэцка-Лібэра.
Адначасова яна дадае, што вынікі навуковых дасьледаваньняў не даюць адназначнага адказу на пытаньне аб бясшкоднасьці гэтых вырабаў.
Напрыклад, прафэсар Анджэй Собчак з Сылескага мэдыцынскага ўнівэрсытэта лічыць, што „чорны піар” электронных цыгарэтаў вынікае з назвы, паколькі інгалятар нікатыну з клясычнай цыгарэтай мае няшмат агульнага.
„Курэц удыхае галоўным чынам рэчывы, якія нармальна выступаюць у нашым навакольным асяродзьдзі. Тым часам доля патэнцыйна шкодных рэчываў, напрыклад, нікатыну ці фармальдэгіду, у некалькі разоў меншая, чым у выпадку традыцыйных цыгарэтаў”, - пераконвае прафэсар Анджэй Собчак.
Тым ня менш Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе забараніць ужываньне электронных цыгарэтаў у закрытых памяшканьнях і грамадзкіх месцах „пакуль ня будзе даказана, што дым не зьяўляецца шкодным для здароўя іных асоб”, паведамляе тыднёвік „Newsweek”.
аз