Logo Polskiego Radia
Print

Палякі шчасьлівыя й задаволеныя сабой

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.09.2015 12:00
  • Палякі шчасьлівыя.mp3
Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньняў.
flickr.com

Кожныя два гады прафэсар сацыялёгіі Януш Чапіньскі й яго супрацоўнікі з „Рады маніторнгу” праводзяць дасьледаваньне якасьці жыцьця палякаў пад загалоўкам „Сацыяльны дыягназ”. У яго рамках адмыслоўцы ўжо больш за 20 гадоў дапытваюць тысяч палякаў наконт таго, як яны ацэньваюць сваё жыцьцё.
Сёлета апытаньне праводзілася з сакавіка па чэрвень. Яго вынікі былі апублікаваныя на мінаючым тыдні.

„Сацыяльны дыягназ” паказвае, што цягам апошніх 10 гадоў сыстэматычна расьце колькасьць палякаў, якія пра сваё жыцьцё кажуць: „выдатнае, пасьпяховае або даволі добрае”. У 1996 годзе гэткім чынам заяўляла 58% апытаных, а сёлета ўжо 81%.

Вынікі дасьледаваньня паказваюць, што палякі таксама шчасьлівыя, як сярэднестатыстычныя жыхары Эўразьвязу. Іх апярэджваюць толькі швэды й датчане ( 98% задаволеных жыцьцём), фіны й галяндцы (95%), брытанцы (94%), бэльгійцы (93%).

У сваю чаргу палякі больш шчасьлівыя, чым, напрыклад, чэхі, эстонцы, летувісы, славакі, латышы іг.д. Найгорш у ЭЗ сытуацыя выглядае ў Грэцыі, дзе сваім жыцьцём задаволеныя толькі 43% грамадзянаў і ў Балгарыі – 44%.
Кіраўнік групы дасьледчыкаў прафэсар Януш Чапіньскі зьвяртае ўвагу, што вынікі дасьледаваньняў супярэчаць вобразу польскага грамадзтва, які паказваюць некаторыя СМІ.

Януш Чапіньскі: Найхутчэй задавальненьне сытуацыяй у краіне павялічвалася ў пэрыядзе прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы. Я сам паверыў некаторым СМІ і палітыкам, якія пераконваюць, што ў Польшчы сытуацыя горшая, чым, напрыклад, два гады таму. Таму я быў прымушаны пераацаніць сваё стаўленьне й прызнаць, што больш сапраўдным зьяўляецца вобраз Польшчы, які вынікае з нашага дасьледаваньня.

Як паказваюць дасьледаваньні, палякі наогул перакананыя, што іх лёс залежыць выключна ад іх. Такім чынам думаюць ажно 74% апытаных. Толькі 5% лічаць, што на іх жыцьцё значны ўплыў аказваюць улады ў краіне.

А, якія прычыны таго, што палякі шчасьлівыя?

Аказваецца, што яны маюць больш грошай (даходаў і зьберажэньняў), даверу ў дачыненьні да іншых людзей, пачуцьця бясьпекі й добрую сям'ю. Дарэчы, калі гаворка ідзе пра сям’ю, то крыніцай росту задавальненьня нязьменна зьяўляюцца дзеці, а толькі затым муж або жонка.

Больш за 40% палякаў „задаволеныя” ці нават „вельмі задаволеныя” працай, адукацыяй і тым, што ім удалося дасягнуць. Кожны чацьвёрты паляк задаволены пэрспэктывай на будучыню.

У 2000 годзе ажно 46% сем’яў заяўлялі, што іх пастаянных даходаў не хапае на бягучыя выдаткі. Сёлета гэткіх сям’яў было 19%.

Кожны пяты паляк можа эканоміць сродкі на сур'ёзныя пакупкі, а амаль кожны дзясяты - кажа, што „ня мае зьберажэньняў, хоць хапае яму на ўсё без асаблівых адрачэньняў”.

10% рэспандэнтаў заяўляюць, што іх сытуацыя добрая, то бок ім хапае на ўсё, у тым ліку таксама на зьберажэньні.

Дарэчы колькасьць сем'яў, якія маюць зьберажэньні павялічваецца. Цяпер іх ужо 45%. Дзеля параўнаньня, 15 гадоў таму іх было 24%. У той жа час зьмяншаецца колькасьць сем'яў з крэдытамі, хоць вартасьць самых пазыкаў расьце - даўгі кожнай трэцяй сям'я перавышаюць ейны гадавы даход.

Палякі пазычаюць грошы, перш за ўсё, на куплю аўтамабіляў, пральных машынаў, халадзільнікаў (33%), а таксама на рамонт дому ці кватэры (30%). Крэдыт на куплю дому або кватэры ўзялі 27% апытаных.

Дасьледаваньне паказвае, што на працягу году даход сярэднестатыстычнага паляка павялічыўся на 16%. Тым ня менш, сааўтар апытаньня Томаш Панэк прызнае, што ня ўсе грамадзяне Польшчы адчулі гэты рост.

Томаш Панэк: Гэта не азначае, што хатні бюджэт, напрыклад, спадара Янэка, або спадарыні Касі ня зьменшыўся - гэта магчымае. Гаворка ідзе пра сярэдні даход па краіне. Тым ня менш рост адбыўся ва ўсіх сацыяльна-эканамічных групах, ва ўсіх тэрытарыяльных адзінках, гарадах і вёсках, ва ўсіх ваяводзтвах. Значыць – гэта агульная тэндэнцыя, якой нельга аспрэчыць.

Тым ня менш, паводле „Сацыяльнага дыянгазу”, у крайняй галечы ў Польшчы пражывае каля 80 тысяч дзяцей.

13% сем’яў у Польшчы прызнае, што ім не хапае сродкаў на лякарствы (чатыры гады таму іх было 18%). 12% - ня маюць грошай на візыт у прыватнага лекара, 14% - у стаматоляга, 6% - на мэдыцынскія абсьледаваньні й рэабілітацыю.

7% палякаў маюць намер цягам двух бліжэйшых гадоў зьехаць за мяжу, каб там зарабіць грошы. У 2007 годзе гэткіх асобаў было 11%. 40% палякаў намерваюцца шукаць працу ў Нямеччыне, 24% - у Вялікабрытаніі й 12% у Нідэрляндах.
Вынікі „Сацыяльнага дыягназу” паказваюць, што з 2009 году ў Польшчы назіраецца падзеньне сацыяльнага расслаеньня грамадзтва.

Гэта паводле прафэсара Януша Чапіньскага – гэта вельмі важная зьява.

Януш Чапіньскі: На многа больш важным, чым рост даходаў зьяўляецца найбуйнейшае ў гісторыі дасьледаваньня падзеньне сацыяльнага расслаеньня грамадзтва.

Тым часам сёлетняе апытаньне сьведчыць таксама пра тое, што палякі не чытаюць кнігаў і газэтаў. Цягам апошняга году ні адной кнігі не прачыталі 46% палякаў. Кожны чацьвёрты апытаны прачытаў максымальна тры. Толькі адзін зь дзесяці прачытаў больш за 10 кніжак у год.

Цікава, што ў параўнаньні з 2013 годам на 4% больш палякаў (52%), - купілі кнігі.
Амаль палова апытаных не чытае прэсы. Кожны чацьвёрты на агляд прэсы прысьвячае дзьве гадзіны ў тыдзень. Цікава, што палякі, якія карыстаюцца інтэрнэтам часьцей таксама чытаюць папяровыя выданьні газэтаў і марнуюць на гэта больш часу, чым асобы, якія сецівам не карыстаюцца.

Магчыма палякі таму мала чытаюць, што шмат часу марнуюць гледзячы тэлевізар – як мінімум дзьве гадзіны на дзень. 15% апытаных прызнаюць, што глядзяць тэлевізар нават больш, чым чатыры гадзіны ў дзень.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт