Logo Polskiego Radia
Print

Ці сьвет знойдзе спосаб ратаваць плянэту?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.12.2015 11:53
  • зьмены клімату.mp3
Экалягічны саміт у Парыжы павінен запаволіць глябальныя зьмены клімату.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

А што за гэтым ідзе, абмежаваць рост галечы. Мэта саміта, які адбываецца ў Францыі, абмежаваньне сусьветных выкідаў цяплічных газаў – галоўнай прычыны глябальнага пацяпленьня.

Стаўка перамоваў высокая. Калі ня будуць прадпрынятыя чарговыя крокі, то сярэдняя тэмпэратура ў сьвеце да 2100 году вырасьце на 3,4 градусы. Гэта ўскладніць доступ да пітной вады й паўплывае на прадукцыйнасьць у сельскай гаспадарцы. У выніку павялічыцца колькасьць людзей, якая будзе жыць у беднасьці. Мэтаю кліматычнай канфэрэнцыі зьяўляецца стрыманьне росту тэмпэратуры да ўзроўню 2 градусаў і падпісаньне дэклярацыі ў гэтай справе.

Больш за ўсіх СО2 у паветра выкідвае Кітай. Але калі пералічыць колькасьць тон СО2 на аднаго жыхара, то сярод лідараў арабскія краіны, Аўстралія, Канада, ЗША. Амэрыканцы не падпісалі пратакол з Кіёта з 1997 году. Парыскі пратакол будзе амбіцыёзным плянам яго замены.

Палажэньні з Кіёта – абмежаваць выкіды СО2 на 5,2% да 2012 году – удалося дасягнуць дзякуючы намаганьням эканомік Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, у гэтым Польшчы, дзе ўзровень выкідаў небясьпечных субстанцый у паветра ўпаў на 32% у параўнаньні з 1988 годам. Клопат заключаецца ў тым, што намаганьні падпісантаў пратакола з Кіёта аказаліся недастатковымі. Іншыя краіны прычыніліся да таго, што сусьветны ўзровень выкідаў вырас на 40%.

Таму цяжка зьдзіўляцца чаканьням многіх краін, якія хочуць, каб новае пагадненьне мела сапраўды глябальны характар і абавязвала ўсіх.

Калі на сьвеце ўзьнікнуць плянаваныя вугальныя электрастанцыі, то глябальнага ацяпленьня не ўдасца затрымаць у адпаведным часе. Пра гэта сьведчыць аналіз, прадстаўлены на кліматычным саміце. Дадзеныя агучыла група ClimateActionTracker, у склад якой уваходзяць чатыры экалягічныя арганізацыі. Паводле іх, у сьвеце да 2030 году мае ўзьнікнуць амаль 2,5 тысячы вугальных электрастанцый. Калі ўсе яны пачнуць выкідваць у атмасфэру двухвокіс вугляроду, то ў 4 разы будзе перавышаны ўзровень, які лічыцца бясьпечным.

Адначасова ў рамках саміту абвешчана аб узьнікненьні двух фінансавых кааліцый – кажа карэспандэнт Польскага радыё Рафар Мотрук, які знаходзіцца ў Парыжы.

Р. Мотрук: Гэта ўрадавая й прыватная кааліцыі. Другую ўзначальваюць філянтропы на чале з Білам Гейтсам і Маркам Цукэрбэргам. Яна заінвэстуе ў «чыстыя» энэргетычныя тэхналёгіі больш за 20 млрд даляраў. У сваю чаргу прэзыдэнт Барак Абама сказаў, што мы зьяўляемся апошнім пакаленьнем, якое можа нешта зрабіць для клімату. Гэта эканамічнае пытаньне й пытаньне бясьпекі. Неабходна дзейнічаць адразу.

Кітай хоча абмежаваць выкіды небясьпечных субстанцый у прамысловасьці, ААН ратаваць людзей, якія жывуць у голадзе. У рамках саміту паяўляюцца новыя абяцаньні й аналізы.

Р. Мотрук: Урад у Пэкіне абвясьціў, што выкіды цяплічных газаў у энэргетычным сэктары ўпадуць да канца дэкады на 60%. Павінны таксама зьменшыцца выкіды з вугальных электрастанцый. Інфармуе пра гэта старонка Кітайскай народнай штодзёнкі. Але ні дадзеныя, ні мэтады не вядомыя. Адначасова Праграма па харчаваньні ААН падкрэсьлівае, што без барацьбы са зьменамі клімату немагчымая барацьба з голадам. Глябальнае пацяпленьне – гэта сушы, усё мацнейшыя буры, якія закранаюць найперш найбяднейшых.

Адначасова ў Парыжы ўсё больш інвэстараў прызначае больш грошай на чыстыя тэхналёгіі ў галіне энэргетыкі. Суарганізатар саміту, францускае міністэрства замежных спраў задаволена складзенымі дэклярацыямі. Там адзначылі, што ўжо з першых дзён саміту паявіўся моцны палітычны імпульс да перамоваў.

Польшча на саміце змагаецца галоўным чынам за гэтак званую тэхналягічную нэўтральнасьць, дзякуючы якой зьмяншэньне выкідаў у атмасфэру адбывалася б пры дапамозе сувэрэнна выбраных мэтадаў, а ня толькі пры дапамозе аднаўляльнай энэргетыкі. Дзякуючы гэтаму Польшча надалей магла б абапіраць сваю энэргетыку на вугалі.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт