Logo Polskiego Radia
Print

Самыя арыгінальныя і небанальныя польскія рэкорды

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.08.2016 14:23
У мясцовасьці Рабка Здруй ужо 17 гадоў дзейнічае Таварыства кантролю арыгінальных рэкордаў.
www.pixabay.com

Усе мы любім часам паслухаць або пачытаць пра арыгінальныя дасягненьні іншых людзей. Дзякуючы дадзенай цікаўнасьці, вялізнай папулярнасьцю карыстаецца Кніга рэкордаў Гінэса, куды заносяцца нават самыя незвычайныя, а нават часам абсурдныя рэкорды. І нават самыя арыгінальныя рэкорды як правіла доўга не ўтрымліваюцца, паколькі хтосьці дасягае большага. У Польшчы таксама ёсьць арганізацыя, якая зьбірае інфармацыю пра арыгінальныя рэкорды.

У мясцовасьці Рабка Здруй на поўдні Польшчы ўжо 17 гадоў дзейнічае Таварыства кантролю арыгінальных рэкордаў. На інтэрнэт-сайце, прысьвечаным арыгінальным рэкордам, можна знайсьці, напрыклад, зьвесткі пра самае вялікае поле з кветкамі, самага вялікага злоўленага сама, дзіўныя калекцыі, хаця б мухабоек. Пра тое, якім чынам можна трапіць у сьпіс рэкардыстаў, распавядае вышэйшы кантралёр з таварыства арыгінальных рэкордаў Патрык Бінькоўскі.

П. Бінькоўскі: Пра рэкорд можна паведаміць або непасрэдна праз сайт, можна запрасіць кантралёраў па тэлефоне. Прыяжджае двое кантралёраў, а найлепш трое, паколькі вядома, што адзін судзьдзя – не судзьдзя, і яны правяраюць рэкорд. Напрыклад, калі хтосьці паведамляе, што ў яго рэкордная калекцыя падставак пад яйкі, то мы лічым, колькі гэтых падставак ёсьць, і ці кожная выконвае сваю функцыю. Калі ў выніку праверкі фіксуецца рэкорд, яго аўтар атрымлівае сэртыфікат, інфармацыя заносіцца ў кнігу. Актуальная вэрсія Кнігі рэкордаў публікуецца кожны год. Мы стараемся распаўсюдзіць інфармацыю пра рэкардыстаў, і гэта даволі цікавы занятак.

А дзе ў Польшчы пражывае найбольш рэкардзістаў? Ці ёсьць такое месца або раён, адкуль прыходзіць найбольш заявак з просьбаю ўпісаць у кнігу рэкордаў?

П. Бінькоўскі: Хіба не. Рэкардысты здараюцца ўсюды. Нельга сказаць, што ў вялікіх гарадах часьцей жывуць людзі, якія б’юць нейкія рэкорды. У малых мясцовасьцях здараюцца людзі, у якіх вялізныя калекцыі розных цікавых прадметаў або ў іх ёсьць хобі, дзякуючы якому яны б’юць рэкорд за рэкордам. Напрыклад, ёсьць рэкордная калекцыя шчаўкунчыкаў, калекцыя жабаў – тут самыя розныя жабы – плюшавыя, фарфоравыя, драўляныя ды іншыя. Ёсьць таксама сапраўды вялізная калекцыя лялек. І яшчэ вельмі цікавыя скульптуры з... адной запалкі. Частку гэтай калекцыі можна ўбачыць у Музэі польскіх рэкордаў у Рабкалендзе. А ўся калекцыя налічвае каля 5 тыс. экзэмпляраў.

Госьць Польскага радыё – Патрык Бінькоўскі – выконвае функцыю вышэйшага кантралёра ў таварыстве арыгінальных рэкордаў. Дарэчы, званьне вышэйшага – ня толькі пераноснае, але таксама даслоўнае. Спадар Патрык мае 207 сантымэтраў росту. З такім ростам проста немагчыма не граць у баскетбол. І вышэйшы кантралёр калісьці займаўся гэтым спортам. І таму, калі хтосьці паведаміў у таварыства, што ў яго самая вялікая калекцыя кашулек баскетбалістаў, то на праверку калекцыі адправілі менавіта спадара Патрыка.

П. Бінькоўскі: Аказалася, што гэта мой стары знаёмы па баскетболу. Спадар Зьбігнеў Бытомскі з мясцовасьці Руда Сьлёнска мае больш за 500 кашулек баскетбалістаў, ня толькі спартоўцаў польскіх камандаў, таксама замежных. Што цікава, ніводнай кашулькі ён не купіў, усе атрымліваў ад спартоўцаў на розных турнірах. Зьбірае таксама аўтографы ад баскетбалістаў, напрыклад, славутага польскага гульца Марціна Гортата. І ні за адну не заплаціў ні граша.

Іншая цікавая калекцыя – шакалядных яек, гэтак званых кіндэр-сюрпрыз. Многія дзеці зьбіраюць фігуркі з гэтых ласункаў, але рэкардыст – дарослы чалавек.

П. Бінькоўскі: Афіцыйна найбольш фігурак і карцінак з кіндэр-сюрпрызаў мае спадар Мацей Вуйталевіч – больш за 12 тысяч. Усю калекцыю можна ўбачыць у Доме культуры непадалёк ад Гданьска. Не прыйшло мне ў галаву спытаць, ці спадар Мацей сам купляў і гэтыя ласункі, ці нехта яму прыносіць. На маю думку, калі людзі даведваюцца, што хтосьці зьбірае нейкія рэчы, то самі пачынаюць яму прыносіць і прысылаць гэтыя фігуркі. Агулам звыш 12 тыс. экзэмпляраў у гэтай калекцыі, усе арыгінальныя. І гэта самая вялікая калекцыя ня толькі ў Польшчы, але таксама ў Эўропе.

Людзі зьбіраюць самыя розныя рэчы – ад аўтамабіляў па наклейкі ад бананаў. Самыя арыгінальныя і небанальныя рэкорды рэгіструе адмысловае таварыства, прадстаўнік якога быў госьцем Польскага радыё. Пра польскія рэкорды распавёў Патрык Бінькоўскі.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт