Logo Polskiego Radia
Print

Эўракамісія ўводзіць абмежаваньні ў бытавой тэхніцы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.01.2017 14:27
Зь верасьня з эўрапейскага рынку зьнікнуць пыласосы магутнасьцю звыш 900 Вт.
www.pixabay.com

Эўрапейская Камісія ўводзіць чарговыя абмежаваньні ў бытавой тэхніцы. Раней камісія займалася ўжо лямпачкамі і пыласосамі, а цяпер зацікавілася тэхнікай для абагрэву і ахалоджваньня – піша «Gazeta Prawna». Брусэльскія чыноўнікі падрыхтавалі сьпіс тавараў, якія будуць дапушчаны ў продаж з пачатку 2018 году толькі пры ўмове, што будуць адказваць патрабаваньням гэтак званага экапраекту. Напрыклад, тэхніка для абагрэву павінна мець цеплаёмістасьць ня больш за 1 мэгават, а для ахалоджваньня – ня больш за 2 МВт.

Апрача новых крытэраў для абагравальнай і ахаладжальнай тэхнікі, ЭК падрыхтавала таксама праект дакумэнту, датычнага праверкі цеплаёмістасьці розных аб’ектаў бытавой тэхнікі. Гаворка ідзе пра тое, ці дадзены прадукт адказвае стандартам і мае праўдзівую энэргетычную этыкетку (такая этыкетка паказвае, колькі энэргіі выкарыстоўвае тэхніка – па шкале ад А да G). Цяпер жа некаторыя вытворцы бытавой тэхнікі маніпулююць дадзенымі, каб палепшыць энэргетычны кляс сваіх прадуктаў.

Акрамя таго, зь верасьня з эўрапейскага рынку павінны зьнікнуць пыласосы магутнасьцю больш за 900 Ватаў. Эўрапейскі Зьвяз разважаў таксама ўвесьці абмежаваньні ў моцы тостараў і фэнаў, але адмовіўся ад гэтай ідэі з увагі на выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ. Перад рэфэрэндумам эўраскептыкі казалі, што менавіта такія нормы, якія навязвае ЭЗ, давядуць да яго распаду.

Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт