Logo Polskiego Radia
Print

Дзень Валянціна: закаханасьць нагадвае стан залежнасьці

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 14.02.2017 15:13
  • Дзень закаханых.mp3
Звычаем гэтага дня зьяўляюцца валянцінкі з прызнаньнем у каханьні і абмен дробнымі падарункамі.
PAP/Jakub Kaczmarczyk

Сёньня Дзень сьвятога Валянціна – сьвята закаханых. Звычаем гэтага дня зьяўляюцца валянцінкі з прызнаньнем у каханьні і абмен дробнымі падарункамі.
Сьвята паходзіць ад сьвятога Валянціна, успамін якога адбываецца 14 лютага. Аднак перад тым, як сьвяты стаў апекуном закаханых, цэлымі стагодзьдзямі ён быў апекуном эпілептыкаў і псыхічнахворых.

Магчыма, так адбывалася нездарма. Паводле кіраўніка Псыхітрыятычнай клінікі Мэдычнага ўнівэрсытэту ў Беластоку прафэсара Напалеона Вашкевіча, закаханасьць нагадвае стан залежнасьці.

Н. Вашкевіч: Такая асоба, па-першае, мае шмат энэргіі. Па-другое, адчувае сябе ў сталай эўфарыі. Ёй патрэбна менш сну. Некаторыя кажуць, што гэта псыхоз, паколькі ўся нашая ўвага засяроджаная толькі на адной асобе. Вельмі праўдападобна, што можа здарацца звужэньне сьвядомасьці. Але гэта ўсё яшчэ норма.

Інфармацыя пра сьвятога Валянціна вельмі сьціплая і неадназначная, таму нялёгка акрэсьліць, на колькі яна праўдзівая. Сярод дасьледчыкаў агулам пануе меркаваньне, што Касьцёл ведае ажно 16 сьвятых Валянцінаў і 3 сьвятыя Валянціны. Мяркуецца, што вядомы апякун закаханых – гэта біскуп і хрысьціянскі пакутнік, сьвяты Каталіцкага касьцёла, вядомы таксама ў Англіканскім і Лютэранскім касьцёлах.

Адсутнасьць падрабязнасьцяў пра постаць сьвятога Валянціна не перашкодзіла, каб яго культ хутка шырыўся. Магіла сьвятога ўжо ў IV стагодзьдзі была ахопленая культам. Над магілай Папа рымскі Юліус І пабудаваў базыліку імя сьвятога Валянціна. Храм з магілай стаў сапраўдным санктуарыюм і адным з першых месцаў пілігрымак. У сярэднявеччы культ сьвятога Валянціна ахапіў амаль цэлую Эўропу. У гэты час да яго па дапамогу зьвярталіся падчас цяжкіх хвароб, асабліва на нэрвовай глебе. Ня раз таксама гаворыцца пра сьвятога Валянціна як пра апекуна эпілептыкаў.

На Захадзе, асабліва ў Англіі і ЗША, сьвятога Валянціна шанавалі як апекуна закаханых. У сувязі з гэтым дзень 14 лютага стаў нагодаю, каб рабіць узаемныя падарункі. Штогод у нядзелю, якая папярэднічае 14 лютаму, у базыліку прыбываюць пары нарачоных з цэлай Італіі і сьвету, каб прысягнуць каханьне.
Каханьня і здароўя просяць у сьвятога Валянціна сёньня жыхары Гнезна. У мясцовай катэдры з XIV стагодзьдзя ёсьць капліца сьвятога Валянціна, якая сёньня адмыслова падрыхтаваная. У ёй пабываў карэспандэнт Польскага радыё Рафал Муняк.

Р. Муняк: Капліца сьвятога Валянціна ў гнезьненскай катэдры сёньня ўрачыста ўпрыгожаная стыльнымі падсьвечнікамі, на падлозе гараць чырвоныя сьвечкі. Ёсьць спэцыяльны столік, на якім стаіць ваза з цюльпанамі, а побач кніга, у якую можна запісваць свае просьбы. Ёсьць асобы, якія моляцца і ўпісваюцца. Я зазіраю ў кнігу і бачу тут просьбы аб каханьні, але ня толькі. Ёсьць просьбы аб здароўі для цэлых сямей. За гэтыя просьбы ў катэдры вечарам будзе адпраўленая сьвятая Імша.

Якім чынам сьвяты Валянцін стаў апекуном закаханых? Паводле легенды, падчас панаваньня імпэратара Клаўдзія Гоцкага Рым быў замешаны ў крывавыя і непапулярныя войны ў такой ступені, што мужчыны не хацелі ўступаць у войска. Імпэратар вырашыў, што прычынай гэтага зьяўляецца нежаданьне пакідаць сваіх нарачоных і жонак. Таму ён адклікаў усе заплянаваныя заручыны і шлюбы.
Сьвятар Валянцін дапамагаў парам, якія бралі шлюб таемна. За гэта яго пазьней прыгаварылі да сьмерці. Валянціна зьбілі да сьмерці, пасьля чаго адсеклі галаву. Гэта здарылася 14 лютага 269 ці 270 году.

/

Са сьвятым Валянцінам зьвязаны звычай узаемных падарункаў у выглядзе кветак, ласункаў, розных гаджэтаў ды сувэніраў у выглядзе сэрцаў. Частка польскага грамадзтва крытыкуе сьвята як праяву амэрыканізацыі, чужое для польскай культуры. Сёньня 14 лютага мае пераважна камэрцыйнае і спажывецкае значэньне. На вуліцах на кожным кроку прадаюцца кветкі, а крамы перапоўненыя сувэнірамі. Час перад Днём закаханых зьяўляецца гарачым для прадаўцоў, рэстаранаў ды іншых месцаў адпачынку.

ав

/

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт