Logo Polskiego Radia
Print

Кантрацэптывы - па рэцэпце, лекі ад імпатэнцыі - без

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.03.2017 13:34
Таблеткі ellaOne можна будзе купіць толькі з рэцэптам, а небясьпечны MaxOn Active - у свабодным продажу.
www.pixabay.com

Міністар аховы здароўя падрыхтаваў законапраект, якіабавязвае прадаваць кантрацэптыўныя таблеткі ellaOne толькі па рэцэпце – паведамляе «Gazeta Wyborcza». Ва ўсёй Эўропе гэты сродак лічыцца бясьпечным, яго можна купіць без рэцэпту, паколькі чым хутчэй пасьля палавых зносінаў прыняць таблетку, тым больш эфэктыўнае кантрацэптыўнае дзеяньне. Максымальны тэрмін – 5 дзён, але найлепш прыняць яе цягам адных сутак. А сярэдні тэрмін чаканьня візыту ў гінэколяга ў Польшчы – 18 дзён.

Міністар Канстанты Радзівіл (Konstanty Radziwiłł) тлумачыць сваё рашэньне клопатам пра здароўе жанчын, асабліва вельмі маладых, падлеткаў, якія свабодна маглі купляць ellaOne, а гэта магло нэгатыўна паўплываць на іх арганізм. Тым ня менш, Эўрапейскае агенцтва лекаў прызнала таблетку бясьпечным прэпаратам, на падставе чаго Эўрапейская камісія рэкамэндавала ўвесьці свабодны продаж у аптэках.

У сваю чаргу ў Польшчы зь мінулага году можна без рэцэпту набыць у аптэцы сродак для павышэньня патэнцыі мужчын MaxOn Active. Ён утрымлівае тую ж субстанцыю, што і шырокавядомая Viagra. Па ўсёй Эўропе гэты прэпарат выдаюць выключна па рэцэпце. А польскае Ведамства рэгістрацыі мэдычных прэпаратаў прызнала яго на столькі бясьпечным, што можна было ўвесьці свабодны продаж. Тады старшыня Асацыяцыі сэксуальнай мэдыцыны Анджэй Дэпка (Andrzej Depko) папярэджваў, што сродак можа выклікаць небясьпечныя пабочныя дзеяньні, між іншым інфаркт ды інсульт. І таму асобы, у якіх павышаны ціск, павінны пракансультавацца ў лекара. Кансультацыя тым больш абгрунтаваная, што імпатэнцыя не заяўляецца праблемай, якую неабходна вырашаць вельмі апэратыўна, можна пачакаць візыту ў спэцыяліста.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт