Logo Polskiego Radia
Print

Недахоп сну забівае нэрвовыя клеткі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.06.2017 15:14
У людзей ужо празь некалькі бяссонных начэй паяўляюцца галюцынацыі.
Photo: pixabay.com

Вам шкада часу на сон? Лепш так ня думаць, паколькі адсутнасьць сну літаральна зьнішчае мозг, што даказалі навукоўцы. Аб гэтым піша «Newsweek Polska».
Італьянскія вучоныя назіралі за зьменамі ў мазгах мышэй, якім не дазвалялі высыпацца. Аказалася, што мозг жывёл сам сябе зьядае. Празьмерна актыўнымі становяцца клеткі, якіх называюць дворнікамі, бо яны прыбіраюць няправільныя нэрвовыя клеткі. Але калі мышы не высыпаліся, гэтыя клеткі пачыналі «зьядаць» таксама здаровыя клеткі.

Лябараторныя пацукі, якім не давалі спаць, гінулі на працягу месяца. У людзей ужо празь некалькі бяссонных начэй паяўляюцца галюцынацыі. Ёсьць рэдкая генэтычная хвароба, у выніку якой чалавек ня можа спаць. Такія людзі жывуць максымальна тры гады пасьля праяўленьня захворваньня. Хаця існуюць выключэньні – асобы, якія могуць ня спаць зусім або спаць вельмі мала, і нармальна жыць. Магчыма, у іх ёсьць адпаведная генная мутацыя.

Большасьць людзей такіх мутацый ня мае і павінны спаць 7-8 гадзін у суткі. А калі яны прызначаюць на сон менш часу, паяўляюцца праблемы. Гэта здараецца ня толькі працаголікам, але і асобам у сталым узросьце. Насуперак распаўсюджаным поглядам, пажылыя павінны спаць столькі ж, колькі маладыя.

Недахоп сну выклікае расстройствы абмену рэчываў і празьмерную вагу. Нявыспаныя людзі часьцей ядуць тлустыя й салодкія прадукты. Адсутнасьць сну паніжае таксама парог адчуваньня болю. Паяўляецца замкнутае кола: калі нешта баліць, цяжка заснуць, а калі ня можам спаць, балець пачынае мацней.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт