Logo Polskiego Radia
Print

Будзьце асьцярожнымі. Зачыняйце дзьверы!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.12.2017 14:01
  • крадзяжы.mp3
Злодзеі часта карыстаюцца нашай расьсеянасьцю, адсутнасьцю ўвагі.
Pixabay/Pavlofox/CC0 Creative Commons

У Польшчы паліцыя здаўна перасьцерагае людзей, асабліва пажылых, каб ня быць наіўнымі і не дазволіць сябе абрабаваць, напрыклад, спосабам «на ўнука» – гэта калі злодзей звоніць да кагосьці, прадстаўляецца яго даўно нябачаным унукам і просіць пазычыць яму грошы. Здаецца, пра такое махлярства чулі ўжо ўсе, таму яно ўсё радзей спрацоўвае. Але фантазія злодзеяў неабмежаваная, яны пастаянна прыдумваюць нешта новае або вяртаюцца да старых спосабаў. А той, пра які я сёньня распавяду, не зьяўляецца, канешне, новым, але пра яго паліцыя пачала казаць ня так даўно. Відаць, у сьвеце злодзеяў таксама існуюць своеасаблівыя моды, як у кожным іншым асяродзьдзі.

Часта, калі мы выходзім з дому, то зачыняем дзьверы на ключ машынальна, а пазьней палову дарогі на працу або ў іншае месца стараемся ўспомніць, ці мы напэўна зачынілі дзьверы. Вось што кажуць жыхары Варшавы, сустрэтыя на вуліцы.

Мінакі: Ці я добра зачыніла дзьверы? Ня раз здараецца, што я вяртаюся і правяраю.

Як правіла я памятаю пра ўсё. А калі выходжу з кватэры, то старанна правяраю, ці я зачыніў на замок мой дом.

Такія старанныя асобы, як гэты мужчына, здараюцца ня вельмі часта. А нашай расьсеянасьцю карыстаюцца злодзеі, каб украсьці тое, што пападзецца пад руку. Гаворыць асьпірант Томаш Алешчык з варшаўскай камэндатуры паліцыі.

Т. Алешчык: Мы павінны памятаць зачыняць дзьверы на ключ, так, як памятаем дыхаць. Гэта павінна быць элемэнтарным крокам. Неабходна пра гэта памятаць, паколькі злодзеі часта карыстаюцца тым, што хтосьці забыў зачыніць дзьверы, і абкрадаюць кватэру. Гэта часта выпадковыя крадзяжы, паколькі злачынцы іх не плянуюць. Злодзей проста ходзіць па лесьвічнай клетцы і націскае ўсе дзьвярныя ручкі па чарзе. Ён разьлічвае, што знойдзе адчыненыя дзьверы. Такія злодзеі крадуць усё, што ляжыць у калідоры – сумкі, тэлефоны. Усё, за што можна атрымаць хаця б мінімальную выручку. Усе каштоўныя прадметы могуць зьнікнуць.

Як гэта выглядае, расказвае жанчына, якую такім чынам абакралі.

Жанчына: Мы былі ў зусім іншым пакоі. Хтосьці ўвайшоў, я думала, гэта хтосьці з маіх блізкіх і не зьвярнула ўвагі. Забраў ноўтбук, які стаяў недалёка ад уваходу і кашалёк з дробнымі грашыма.

Большасьць з нас жыве ў шматкватэрных дамах, у якія, прынамсі тэарэтычна, не павінны ўваходзіць чужыя людзі. І гэта часта адключае нашу пільнасьць, мы перастаём быць асьцярожнымі. А злодзеі знойдуць магчымасьць абыйсьці дамафон, – кажа паліцэйскі.

Т. Алешчык: Часам злодзеі ўваходзяць з іншымі жыхарамі, часам націскаюць выпадковы нумар дамафону, кажуць: «Пошта, кур’ер, пастаўшчык малака». Яны нешта прыдумаюць. Людзі, якія не аналізуюць такога здарэньня ў пляне ўласнай бясьпекі, аўтаматычна адчыняюць дзьверы, жадаючы камусьці дапамагчы. А яму зусім не патрэбная наша дапамога, ён выкарыстоўвае нашу наіўнасьць і сытуацыю, каб штосьці ўкрасьці, зрабіць нешта дрэннае.

Што рабіць, каб ня стаць ахвярай такога злодзея або іншых зламысьнікаў?

Т. Алешчык: У гэтым выпадку, а таксама ў выпадку іншых крадзяжоў, напрыклад, кішэнных, злодзеі карыстаюцца нашай расьсеянасьцю, адсутнасьцю ўвагі. Цяпер набліжаюцца калядныя, навагоднія сьвяты. Злодзеі карыстаюцца тым, што ў транспарце, у крамах цяпер больш людзей, чым звычайна. Людзі сьпяшаюцца, забываюць пра элемэнтарныя рэчы. Наша бясьпека залежыць ад нас. Злодзеі, якія ходзяць па лесьвічных клетках і націскаюць на ручкі, не ўваходзяць далей у кватэру, паколькі ведаюць, што там хтосьці ёсьць. Мы прывыклі, вяртаючыся дадому, класьці сумачку, кашалёк дзесьці каля ўваходу. Мы вешаем куртку на вешалку, а ў куртцы ў кішэні кашалёк, дакумэнты, ключы. І такім чынам мы можам атрымаць сур’ёзныя праблемы.

Ёсьць такі анэкдот. Жонка кажа мужу: «Дарагі, здаецца, хтосьці ходзіць па кватэры. Ідзі, разбудзі сабаку». Гэта, канешне, жарт, але сапраўды злодзеі ахвотна карыстаюцца нашай расьсеянасьцю, і дома, і паза ім, каб пазбавіць нас каштоўных рэчаў. Дарэчы, трэба сказаць, што зламысьнікі стараюцца абмінаць кватэры, дзе жыве сабака, нават маленькі, паколькі ён можа аказацца вартаўніком ды выратавальнікам у дадзеным выпадку.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт