Logo Polskiego Radia
Print

На польскім рынку ўсё менш крам з вопраткай

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.01.2018 13:33
Палякі не купляюць менш адзежы, але ўсё часьцей робяць гэта праз інтэрнэт.
www.flickr.com

З кожным годам у Польшчы зьмяншаецца колькасьць крам з адзежай. Так адбываецца не таму, што палякі сталі купляць менш вопраткі, а таму, што яны ўсё часьцей аддаюць перавагу пакупкам у інтэрнэце. Да канца бягучага году з рынку можа зьнікнуць нават адна тысяча такіх крам – паведамляе «Rzeczpospolita». Праўда, гэтая тэндэнцыя датычыць ня ўсіх крам, паколькі самыя вялікія гульцы на рынку, між іншым група LPP, нават пашыраюць сетку сваіх крам. Кіраўніцтва кампаніі плянуе ў бліжэйшым часе адкрыць 50 новых пунктаў продажу, як у Польшчы, так і за мяжою, у тым ліку на новых рынках – у прыватнасьці ў Казахстане, Ізраілі, Славеніі.

Многія прадаўцы даўно ўжо зразумелі, што інтэрнэт-продаж – гэта будучыня дадзенай галіны. І таму, паралельна са стацыянарнымі крамамі, яны разьвіваюць віртуальны гандаль. Напрыклад, прадстаўнікі швэдзкай кампаніі H&M адзначаюць, што яны не аддзяляюць традыцыйнага продажу ад гандлю праз сеціва. І такі падыход дазваляе крамам разьвівацца.

Вялікія сеткі па продажу адзежы кампэнсуюць зьмяншэньне традыцыйнага гандлю продажам у інтэрнэце, але нельга гэтага ж сказаць пра малыя крамы, якія набываюць тавар у аптовых цэнтрах, але ня могуць прадаваць яго праз інтэрнэт, паколькі падобныя рэчы ў сеціве таньнейшыя.

Палякі любяць купляць у сеціве, а вопратка і абутак – гэта адны з галоўных тавараў, якія жыхары краіны набываюць такім чынам. Акрамя таго, сэгмэнт продажу адзежы разьвіваюць таксама супэрмаркеты і дыскаўнтэры.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт