Logo Polskiego Radia
Print

Дыетолягі раяць спажываць 6-8 яек у тыдзень

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.03.2018 15:00
  • яйкі.mp3
Спэцыялісты адмянілі ранейшыя жорсткія абмежаваньні на гэты смачны і карысны прадукт.
pixabay.com

Набліжаецца Пасха. Пэрыяд велікодных сьвятаў па традыцыі цесна зьвязаны зь некаторымі канкрэтнымі стравамі, якія абавязкова павінны паявіцца на сьвяточным стале. Адным з такіх прадуктаў зьяўляецца яйка, якое адыгрывае ня толькі кулінарную, але таксама і сымбалічную ролю падчас Пасхі.

Канешне ж, яйка зьяўляецца сымбалем жыцьця, нараджэньня новай жывой істоты. Але сёньня мы ня будзем згадваць пра яйкі ў гэтым сэнсе, а пагаворым пра іх кулінарнае значэньне. Здаўна вядома, што яйка – гэта цэнная скарбніца амаль усіх неабходных нам для жыцьця вітамін і мікраэлемэнтаў, але нейкі час таму лекары і дыетолягі пачалі забараняць спажываць яйкі ў вялікай колькасьці, асабліва тым асобам, у каго быў павышаны ўзровень халестэрыну, паколькі яйкі ўтрымліваюць шмат халестэрыну, таму была зроблена выснова, што яны павышаюць узровень гэтага тлушчу ў крыві. Апошнія ж адкрыцьці навукоўцаў вяртаюць гонар яйкам – яны ня шкодзяць нашаму здароўю, наадварот, гэта вельмі карысны прадукт, – адзначае дыетоляг Аліцыя Каліньска.

А. Каліньска: Яйка ўтрымлівае вельмі карысны бялок, ідэальны па ўсіх парамэтрах для нашага арганізму. Ёсьць у ім жалеза, якое добра засвойваецца. Ёсьць таксама рэчывы, якія карысна ўплываюць на здароўе вачэй – між іншым лютэін. Утрымліваецца халін, які ахоўвае нашу нэрвовую сыстэму. Пра карысны ўплыў яек на здароўе можна казаць доўга, таму неабходна спажываць гэты прадукт.

Яшчэ нядаўна лекары раілі абмяжоўваць колькасьць спажываных яек да некалькіх у тыдзень, а асобам з павышаным утрыманьнем халестэрыну рэкамэндавалі есьці толькі адно-два яйкі ў тыдзень. Цяпер жа нормы радыкальна зьмяніліся. Адно яйка, на думку дыетоляга, гэта вельмі мала.

А. Каліньска: Адно – гэта абсалютна мінімальная колькасьць. Праўда, нават калі нам здаецца, што мы ямо толькі адно-два яйкі ў тыдзень, то гэта як правіла ня так. Мы дома рыхтуем сабе вараныя яйкі, амлет і г.д., але яйкі ўваходзяць таксама ў склад многіх гатовых прадуктаў, таму мы спажываем нямала яек у скрытай форме. Варта чытаць надпісы на ўпакоўцы і склад прадуктаў.

У такім выпадку колькі яек неабходна спажываць у тыдзень? Гаворка ідзе пра яйкі ў выглядзе вараных, смажаных прадуктаў, амлетаў і г.д. Меркаваньнем дыетоляга, цяжка назваць канкрэтную норму для ўсіх людзей.

А. Каліньска: Няма тут устаноўленых нормаў і няма вялікіх абмежаваньняў, але з практычнага пункту гледжаньня, гаворачы пра выкарыстаньне яек у хатняй кулінарыі ў чыстым выглядзе, а таксама ў выглядзе інгрэдыенту салатаў, можна сказаць, што 6-8 яек у тыдзень спакойна можна спажываць. Калі нехта вельмі любіць яйкі і есьць іх штодзённа, але пры гэтым у яго дыеце мала гародніны, назіраецца павышаны халестэрын, пачынаецца цукровы дыябэт, то ён павінен абмежаваць свой рацыён да максымальна шасьці яек у тыдзень.

А якім чынам найлепш падаваць яйкі на стол? Па словах Аліцыі Каліньскай, тут няма аднаго правіла для ўсіх. Кожны любіць есьці па-свойму: адным падабаюцца адносна вадкія смажаныя яйкі або амлет, а іншым – больш сухая страва. Тут усё залежыць ад густу. Дыетоляг кажа, што трэба больш старанна падбіраць дабаўкі да смажаных яек.

А. Каліньска: Перш за ўсё нельга забываць, што каагуляцыя бялка наступае ў нізкай тэмпэратуры – пры 40%. Таму, дарэчы, гэта такая небясьпечная для нашага арганізму тэмпэратура цела, з якой адразу едзем у шпіталь. Так што бялок хутчэй стане цьвёрдым, чым жаўток. Іншае пытаньне, якая структура смажаных яек нам больш падабаецца – больш вадкая ці больш цьвёрдая. Усё залежыць ад густу. Я б большую ўвагу зьвярнула на дадаткі – моцна падсмажаную каўбасу, бэкон, цыбулю ды іншае. Гэта вельмі цяжка пераварыць нашаму страўніку. А на якім тлушчы найлепш смажыць? На топленым масьле. У звычайным сьметанковым масьле пад уплывам высокай тэмпэратуры паяўляюцца канцэрагенныя рэчывы, а топленае масла можна моцна падаграваць, яно не прыгарае. Лепш смажыць на масьле, а не на іншым тлушчы, бо масла дае цудоўны водар амлету або смажаным яйкам.

Раіла дыетоляг Аліцыя Каліньска. Што ж, да сьнеданьня яшчэ далёка, але ж можна яйкамі і павячэраць. А мне застаецца вам сказаць: смачна есьці!

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт