Logo Polskiego Radia
Print

Паўлітра піва ачышчае мозг ад сьмецьця

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 07.08.2018 14:30
Невялікая колькасьць алькаголю можа паспрыяць ачышчэньню мозга ад шкодных субстанцый.
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0

Мозг мае ўласную сыстэму ачышчэньня. Часам здараецца, што ў ім штосьці не працуе — у выніку зьяўляецца атупеньне або хвароба Альцгаймэра. Аказваецца, што невялікая колькасьць алькаголю спрыяе ачышчэньню мозга ад “сьмецьця”, якое тармозіць яго работу.

Увогуле, лічыцца, што любая колькасьць алькаголю нам шкодзіць. Так мяркуюць і гастраэнтэролягі, і гепатолягі, і анколягі. Аднак на самай справе цяжка высьветліць, якая доза шкодная. Бо кожны чалавек індывідуальна пераносіць алькаголь. Па-рознаму ён уплывае на наш арганізм і здароўе.

Кардыёлягі, напрыклад, лічаць, што маленькі кілішак чырвогага віна перад абедам можа дзейнічаць як пэўнага роду ахова для крывяноснай сыстэмы. Аднак і гэта сьцявярджэньне ставіцца пад сумненьне.

Карацей, піць шкодна. І кропка.

Аднак амэрыканскія нэўрабіёлягі даказваюць, што невялікая колькасьць алькаголю дапамагае папярэджваць дымэнцыю (атупеньне). На іх думку, алькаголь дапамагае прыбіраць сьмецьце з мозга.

Гэта адкрыцьцё зрабілі яшчэ ў 2012 г. вучоныя з Мэдыцынскага цэнтра Унівэрсытэта ў Рочэстэры. Яны адкрылі, што мозг мае ўласную сыстэму самаачышчэньня. Гэта трубкі, якія абкружаюць крывяносныя сасуды і хутка выводзяць шкодныя або лішнія субстанцыі. Амэрыканскія вучоныя назвалі гэта глімфатычнай сыстэмай.

Дасьледаваньні на мышах паказалі, што невялікая колькасьць алькаголю стымулюе ўсю гэту сыстэму. Але — увага! — вялікія дозы яе тармозяць.

Але што такое невялікая колькасьць алькаголю? Калі перакласьці з мышэй на людзей, то гэта каля паўлітра піва або 200-грамовы кілішак віна.

Апрача таго, варта высыпацца. Бо падчас сну з мозгу вымываюцца таксіны.

Gazeta Wyborcza/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт