Палякі рыхтуюцца ўвесьці сувязь пятага пакаленьня
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.08.2018 09:10
На думку экспэртаў, яе ўвядзеньне стане тэхналягічнай рэвалюцыяй.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
Да канца бягучага году ў Польшчы плянуецца запусьціць пілётныя праграмы, зьвязаныя з увядзеньнем тэхналёгіі сувязі пятага пакаленьня. Якія магчымасьці дасьць гэтая навінка?
Пятае пакаленьне мабільнай сувязі (або з ангельскай мовы 5G – fifth generation) – гэта чарговы прыступак у разьвіцьці мабільнай сувязі. Стандарты для ўкараненьня такой сувязі пакуль што не распрацаваныя, але экспэрты кажуць ужо, што яе ўвядзеньне прынясе чарговую тэхналягічную рэвалюцыю. З іншага боку, увядзеньне новых тэхнічных рашэньняў можа быць зьвязана ў Польшчы з праблемамі, паколькі ў краіне дзейнічаюць значна больш жорсткія ліміты гушчыні магутнасьці сувязі, чым у большасьці дзяржаў на сьвеце.
Польскія ўлады намераныя спрабаваць падрыхтавацца да сувязі пятага пакаленьня. На думку міністра прадпрымальніцтва і тэхналёгіі Ядвігі Эмілевіч, новая тэхналёгія можа прывесьці да рэвалюцыйных прарываў у самых важных галінах дзяржаўнай эканомікі.
Я. Эмілевіч: Я прыгадаю толькі эўрапейскія дакумэнты, у якіх гаворыцца пра тое, што ўкараненьне тэхналёгіі пятага пакаленьня ў Эўропе можа даць гадавы прыбытак ва ўсім Эўрапейскім Зьвязе на ўзроўні 114 млрд. эўра, а таксама можа прынесьці стварэньне 2,5 млн. новых працоўных месцаў.
У многіх краінах Эўрапейскага Зьвязу назіраецца адносна высокае беспрацоўе, асабліва трывожыць узровень беспрацоўя сярод маладых людзей у дзяржавах Поўдня. Таму гэты другі аспэкт – новыя працоўныя месцы – асабліва важны для Эўразьвязу, – адзначыла Я. Эмілевіч.
Я. Эмілевіч: Часта мы размаўляем пра новыя тэхналёгіі ў прамысловасьці, пра лічбаваньне, аўтаматызацыю розных працэсаў вытворчасьці. І тады ня раз гучыць пытаньне: а што з працоўным рынкам? І цяпер мы можам даць на гэтае пытаньне станоўчы адказ. Шматлікія аналітычныя дадзеныя сьведчаць аб тым, што паявяцца новыя працоўныя месцы. Праўда, трэба адзначыць, што ў некаторых галінах прамысловасьці працоўных месцаў стане менш, але яны паявяцца ў іншых галінах. Больш за тое, гэта працоўныя месцы, якія мы вельмі хочам бачыць у сваёй краіне – высокааплатныя, высакаякасныя. Адным словам, такія працоўныя месцы, у якіх мы асабліва зацікаўленыя.
Міністар інвэстыцыі і разьвіцьця Ежы Квяціньскі кажа, што 5G – гэта адна з самых перадавых тэхналёгій. Па словах міністра, ёсьць шмат галінаў штодзённага жыцьця, у якіх можна будзе выкарыстоўваць тэхналёгію сувязі пятага пакаленьня. Гэта, напрыклад, тэлемэдыцына, а таксама транспарт.
Е. Квяціньскі: Выкарыстаньне гэтай тэхналёгіі ў прамысловасьці. Заўважце, колькі на нашых працоўных месцах ёсьць розных кабэляў, якімі спалучаныя паасобныя элемэнты тэхнікі. Калі ўводзе тэхналёгія 5G, то ўсе гэтыя кабелі ня будуць патрэбныя. На жаль, пакуль што Эўропа моцна адстае ў гэтым сэнсе ад іншых краін, перш за ўсё ад Азіі ды ЗША. А ў нашай краіне ёсьць праблемы з увядзеньнем старэйшых тэхналёгій – чацьвёртага, а нават трэцяга пакаленьня.
Ня ўсюды на сьвеце тэхналёгію пятага пакаленьня сотавай сувязі вітаюць так горача, як у Польшчы. Праўда, гаворка ідзе не пра саму тэхналёгію, а пра канкрэтны канцэрн, які хоча яе разьвіваць. Надоечы ўлады Аўстраліі забаранілі кітайскаму канцэрну Huawei будаваць сетку тэлесувязі пятага пакаленьня. Раней такое ж рашэньне прынялі ўлады ЗША. Такі радыкальны крок прадыктаваны мерамі бясьпекі. Справа ў тым, што кітайскага тэлекамунікацыйнага гіганта падазраюць у надта блізкіх сувязях з кітайскім рэжымам. Заходнія дзяржавы баяцца, што Huawei ў разе неабходнасьці можа перадаць дадзеныя сваіх кліентаў кітайскім спэцслужбам. З Кітая перадае Томаш Саевіч:
Т. Саевіч: Канцэрн Huawei катэгарычна адхіляе такія абвінавачваньні. Занепакаеньне рашэньнем Аўстраліі выразіла кітайскае МЗС, якое адзначае, што за рашэньне ўладаў адказвае ідэалягічная прадузятасьць. У сваю чаргу аўстралійскія ўлады тлумачаць, што яны імкнуцца прадухіліць сытуацыю, калі на тэрыторыі Аўстраліі будуць дзейнічаць фірмы, якія могуць быць выкарыстаныя іншымі дзяржавамі. Huawei мяркуе, што рашэньне Аўстраліі адмоўна паўплывае на сытуацыю спажыўцоў у гэтай краіне. Аналітыкі зьвяртаюць увагу на тое, што кітайскія фірмы могуць быць падвергнутыя ціску з боку выведкі. У Аўстраліі ідзе таксама абмеркаваньне пытаньня ўплыву Кітая на грамадзкую думку ў дадзенай краіне.
У Варшаве на мінулым тыдні адбыліся дэбаты, прысьвечаныя разьвіцьцю сотавай сувязі пятага пакаленьня. Плянуецца, што да 2020 годзе такая сувязь паявіцца ў прынамсі некаторых месцах у вялікіх гарадах. На сустрэчы не было гаворкі аб тым, якія канцэрны павінны прымаць удзел ва ўкараненьні навінак.
нг