Украіна рыхтуецца да магчымага расейскага наступленьня
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
12.03.2014 16:25
Расьце колькасьць бежанцаў з Крыма.
źr. Stockexport
Украінскія ўлады павінны падрыхтавацца на выпадак нападу на ўсю тэрыторыю краіны. Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны Андрэй Парубій паведаміў, што ля мяжы з Украінай былі сканцэнтраваны значныя сілы расейскіх войскаў.
Паводле яго, там знаходзіцца 80 тысяч жаўнераў, 270 танкаў, 180 бронемашынаў, 140 самалётаў, 90 верталётаў і 19 караблёў.
У сувязі з тым, што цягам 2-3 гадзінаў расейскія войскі ў стане падыйсьці да ўкраінскай сталіцы, пляны абароны ахопліваюць тэрыторыю ўсёй краіны, а ня толькі ейнай усходняй часткі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны Ўкраіны нагадаў, што, паводле Крамля, канцэнтрацыя войскаў - гэта выключна раней плянаваныя манэўры, і цягам 5 дзён армія павінна быць выведзеная з памежных тэрыторыяў.
„Аднак па сёньняшні дзень гэтак не адбылося. Наадварот, колькасьць расейскіх вайскоўцаў павялічваецца”, - дадае Парубій.
Ён таксама паведаміў, што цягам апошніх дзён Памежная служба не дазволіла на ўезд на тэрыторыю Ўкраіны амаль 4 тысячам грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі. Паводле яго, плянаваўся паўтор крымскага сцэнара на ўсходзе й поўдні краіны, то бок захоп будынкаў мясцовых уладаў і ўвядзеньне расейскага войска.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны таксама паведаміў пра рост колькасьці бежанцаў з Крыма.
аз