Logo Polskiego Radia
Print

Уроцлаў стаў Эўрапейскай культурнай сталіцай

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.01.2016 10:20
Сёньня пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцьця, якой спадарожнічае каля ста імпрэз.
Вячэрні ЎроцлаўВячэрні ЎроцлаўPhoto: pixabay.com

У чэрвені 2011 году рашэньнем ЭЗ Уроцлаў быў абраны Эўрапейскай культурнай сталіцай 2016 году. Такое ж званьне адначасова атрымаў гішпанскі горад Сан-Сэбасьціян. Сёньня пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцьця, якой спадарожнічае каля ста імпрэз.

Дырэктар Эўрапейскай культурнай сталіцы Кшыштаф Май кажа, што кожная зь іх будзе выключнай. Аднак падкрэсьліў, што ёсьць некалькі мерапрыемстваў, якія трэба адзначыць. Сярод іх вэрнісаж прац Эдуарда Чыльіда, аднаго з найбольш вядомых у сьвеце скульптараў.

«Важнай імпрэзай будзе таксама пэрформанс «Горад мараў», падрыхтаваны Нацыянальным музэем ва Ўроцлаве. Гэта праект, які спалучае мастацтва, музыку, літаратуру й тэатар», – патлумачыў Кшыштаф Май.

Ён дадаў, што галоўнай падзеяй будзе нядзельнае «абуджэньне». Гэта чатыры паходы, якія будуць ісьці з чатырох бакоў гораду, вядзёныя чатырма духамі. Яны сустрэнуцца ў цэнтры Ўроцлава, каб абудзіць Эўропу. Гэта будуць духі адбудовы, паводкі, шматлікіх выклікаў і інавацыі. Яны паказваюць чатыры розныя гісторыі, якія стваралі Ўроцлаў.

Бліжэйшыя выходныя гэта толькі пачатак мерапрыемстваў, падрыхтаваных з нагоды прызнаньня гораду тытулу Эўрапейскай культурнай сталіцы. Агулам заплянавана тысячу розных падзей.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт