Logo Polskiego Radia
Print

«Візыт Папы Рымскага ў Беларусь магчымы нават у бліжэйшыя месяцы»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.10.2017 12:46
  • «Візыт Папы Рымскага ў Беларусь магчымы нават у бліжэйшыя месяцы».mp3
Лукашэнку вельмі хочацца арганізаваць сустрэчу Папы й Патрыярха Маскоўскага, якая б значна павысіла яго аўтарытэт – кажа экспэрт.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі паседжаньня Рады біскупскіх канфэрэнцыяў Эўропы. Менск, 28 верасьня 2017. Фота: Афіцыйны інтэрнэт-партал прэзыдэнта Рэспублікі БеларусьСустрэча Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі паседжаньня Рады біскупскіх канфэрэнцыяў Эўропы. Менск, 28 верасьня 2017. Фота: Афіцыйны інтэрнэт-партал прэзыдэнта Рэспублікі Беларусьpresident.gov.by

Адстаўка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, абяцаньні ўладаў скараціць кантроль над малым бізнэсам і прыезд у Менск каталіцкіх біскупаў з усяе Эўропы сталі асноўнымі падзеямі мінулых 7 дзён. Ці беларускія ўлады задумалі карэнныя зьмены ў інфармацыйнай, культурнай і эканамічнай палітыцы? Навошта Аляксандар Лукашэнка настойліва запрашае ў Менск Рымскага Папу? Гэтыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць аналітык EAST Center Андрэй Елісееў і Аляксандар Папко.

«Сустрэча Папы й патрыярха дадасьць Лукашэнку аўтарытэту сярод вернікаў»

28-30 верасьня ў Менску сабраліся высокапастаўленыя каталіцкія герархі з з усяго Старога сьвету. Падчас паседжаньня Рады біскупскіх канфэрэнцыяў Эўропы Аляксандар Лукашэнка запрапанаваў арганізаваць у Менску сустрэчу Патрыярха Маскоўскага Кірыла й Папы Рымскага Францішка. Сустрэча галоваў каталіцкага касьцёлу ў Менску – гэта сымбалічная падзея? Ці ў Беларусі сапраўды сустрэнуцца Папа й Патрыярх?

Андрэй Елісееў: Так склалася, што вялікі эканамічны крызыс у Беларусі пачаў нарастаць у 2014-ым годзе – акурат тады, калі паўстаў расейска-ўкраінскі канфлікт і Лукашэнка пачаў граць ролю міратворца. З таго часу свае відавочныя правалы ва ўнутранай палітыцы ён імкнецца кампэнсаваць рэальнымі і ўяўнымі дасягненьнямі ў палітыцы замежнай.

Улады ўжо даўно імкнуцца зладзіць візыт Папы Рымскага ў Беларусь, і гэта не сакрэт. Калі ж у нашай краіне Папа Рымскі стрэнецца з Патрыярхам Маскоўскім – гэта будзе сапраўды гістарычная падзея. Бо дагэтуль яны сустракаліся толькі аднойчы – летась на Кубе. Вядома, такая сустрэча надасьць Лукашэнку легітымнасьці сярод вернікаў, і гэта ягоная ідэя фікс. Ня думаю, што аж такое ўдасца, але як мінімум візыт Папы Рымскага суцэльна верагодны нават у бліжэйшыя месяцы. Нездарма Менск быў абраны месцам для сустрэчы каталіцкіх біскупаў Эўропы. Адносіны паміж Беларусьсю й Ватыканам паступова разьвіваюцца, а вызваліўшы палітычных зьняволеных Лукашэнка адкрыў дарогу мажліваму візыту каталіцкага герарха.

Усьлед за лібэралізацыяй улады ўзмоцняць кантроль над бізнэсам

Дэкрэт №3 зьменіцца да непазнавальнасьці, а прадпрымальнікі дачакаюцца радыкальнага спрашчэньня ўмоваў вядзеньня бізнэсу – пра гэта 28 верасьня распавялі прадстаўнікі Міністэрства працы й Мінэканомікі Беларусі. Дэкрэт №3 зьменіць сваю назву й абавяжа ўлады аказваць максымальнае садзейнічаньне тым, хто хоча працаваць – паведаміў намесьнік міністра працы Валерый Кавалькоў. Пакет з 10 законаў аб спражэньні ўмоваў вядзеньня бізнэсу прастымулюе самазанятасць насельніцтва, а таксама паспрыяе разьвіцьцю лічбавых тэхналёгіяў – анансаваў віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі. Беларускі ўрад будуе сапраўдную рынкавую эканоміку?

Андрэй Елісееў: Ужо колькі разоў раней казалі пра нейкія вялікія паслабленьні для прадпрымальнікаў, а на справе ўсё выглядала сьціпла, і прыватны сэктар дагэтуль разьвіты слаба. Таму трэба сьпярша паглядзець на гэты самы пакет спрашчэньня умоваў вядзеньня бізнэсу. Сёлета нацыянальная эканоміка не пайшла ў мінус, сродкі на Захадзе праз эўрабонды атрымалі, і з-за гэтага перадчаснага аптымізму беларускія ўлады наадварот могуць затармазіць нават тыя рэформы, што ўжо пачалі.

Лукашэнка баіцца сапраўднага развіцьця прыватнага сэктару. Ён цудоўна разумее, што ў ягонай сыстэме кіраваньня кантраляваць насельніцтва, занятае на дзяржаўных прадпрыемствах, куды прасьцей, чым самазанятых і не залежных ад дзяржавы. Таму пытаньне ў тым, якія дадатковыя інструмэнты кантролю ўлады вынайдуць разам з гэтым самым абяцаным спрашчэньнем умоваў вядзеньня бізнэсу.

«Ніякіх сыгналаў пра зьмену культурнай палітыкі пакуль няма»

У Беларусі зьявіўся новы міністар інфармацыі й новы міністар культуры. Замест Барыса Сьвятлова Міністрам культуры прызначаны рэктар Унівэрсытэту культуры Юры Бондар. А Лілію Ананіч на пасадзе міністра інфармацыі замяніў былы галоўны рэдактар выдавецкага дому «Зьвязда» Алесь Карлюкевіч. Чакаюцца радыкальныя перамены ў культурнай палітыцы?

Андрэй Елісееў: Я ня бачу ніякіх падставаў чакаць зьменаў у культурнай палітыцы праз замену некалькіх асобаў на чале адпаведных міністэрстваў. У цэнтралізаванай сыстэме кіраваньня Лукашэнка вызначае асноўныя кірункі як інфармацыйнай, так і культурнай палітыкі. Ён жа хоцькі-няхоцькі закладае нейкія дыскурсы ў гэтых сфэрах, на якія пасьля арыентуецца ўся бюракратычная сыстэма. Ніякіх сыгналаў з уладнай верхавіны пра сурʼёзныя зьмены ў гэтых сфэрах не было, а значыць і чакаць іх ад замены чыноўнікаў не выпадае.

У «Справе прафсаюзаў» улады абралі такую ж стратэгію, як і ў «Справе патрыётаў»

2 кастрычніка, пасьля двухмесячнага ўтрыманьня за кратамі, з СІЗА вызвалілі бугальтара Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Ігара Комліка. Чаму прафсаюзнага дзеяча выпусьцілі, і чым скончыцца «Справа прафсаюзаў»?

Андрэй Елісееў: Беларускія ўлады працягнулі ціск на незалежныя прафсаюзы, бо тыя зрабілі свой кавалак працы па інфармаваньні людзей пра іх правы на тле антыканстытуцыйнага Дэкрэту №3. Улады пабачылі небясьпеку нават у тым невялікім прафсаюзным руху, які застаўся пасьля шматгадовай дыскрымінацыйнай палітыкі. Таму, з аднаго боку, гэтай справай улады хочуць яшчэ больш аслабіць прафсаюзы. З іншага боку, зараз, калі адносіны з Захадам як-ніяк пайшлі наперад і ў плянах візыт Папы Рымскага ў Беларусь, мець новых патэнцыйных палітычных зьняволеных Менску не з рукі.

Таму ўлады абіраюць такую ж стратэгію, як і ў справе «Белага легіёну»: людзей у зьняволеньні доўга не трымаюць і не асуджаюць, але ж і крымінальных справаў не спыняюць. Маўляў, каб не расслабляліся. Так, з аднаго боку, і атмасфэру боязі падтрымліваюць у грамадзтве, і пэўныя супольнасьці людзей дыскрэдытуюць і кантралююць, а з іншага боку – адносіны з заходнімі партнэрамі не псуюць.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт