Logo Polskiego Radia
Print

«Патэнцыял інфармацыйнай пагрозы з боку Расеі проста калясальны»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.12.2017 17:42
  • Патэнцыял інфармацыйнай пагрозы з боку Расеі проста калясальны.mp3
Дасьледаваньня EAST Center: З усіх краінаў Усходняй Эўропы Беларусь – найменш абароненая ад крамлёўскай дэзінфармацыі.
pixabay.com/Public Domain/CC0

З усіх краінаў Усходняй Эўропы Беларусь – найменш абароненая ад дэзінфармацыі, якую распаўсюджваюць кантраляваныя расейскім урадам СМІ і «крамлёўскія тролі». Да такой высновы прыйшлі экспэрты EAST Center, аўтары дасьледаваньня «Інфармацыйная бясьпека Беларусі: праблемы й шляхі вырашэньня». У чым прычыны ўразьлівасьці Беларусі на маніпуляцыі ў СМІ, і як выправіць сытуацыю? На гэтыя пытаньні дасьледчыкі адказалі ў прэзэнтацыі, якая нядаўна прайшла ў Менску.

У Беларусі крамлёўскія СМІ маюць значна шырэйшыя магчымасьці ўплываць на настроі грамадзтва, чым у Летуве, Латвіі ці Эстоніі. Такую выснову можна зрабіць на падставе індэксу супраціву дэзінфармацыі, падлічанаму экспэртамі дасьледчага цэнтру EAST.

Індэкс
Індэкс супраціву дэзінфармацыі паказвае, наколькі крамлёўскія СМІ папулярныя ў краіне, наколькі урад падрыхтаваны, каб супрацьдзейнічаць дэзінфармацыі і наколькі высокая рызыка дэзінфармацыі ў сацсетках. Чым індэкс вышэй - тым сытуацыя горш.

Расейскія тэлеканалы застаюцца асноўнай крыніцай інфармацыі для больш як 40% беларусаў. Аўдыторыя кожнай з расейскіх сацыяльных сетак «Вконтакте» (vk.com) і «Одноклассники» (ok.ru) складае траціну дарослага насельніцтва Беларусі і ў два разы перавышае аўдыторыю сацыяльнай сеткі Facebook. Узровень даверу да расейскіх СМІ ў краіне перавышае ўзровень даверу да дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх СМІ.

Ініцыятывы па выкрыцьці троляў, прапаганды й маніпуляцыяў у Беларусі можна пералічыць па пальцах адной рукі, а мэдыяпісьменнасьць беларускіх грамадзян застаецца вельмі нізкай. Беларускія СМІ ва ўмовах абмежаваньня свабоды слова ня могуць дастаткова хутка рэагаваць на інфармацыйныя пагрозы, якія прыходзяць з-за ўсходняй мяжы.

Дасьледаваньне, якое праводзіцца ў 14 краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, пакуль што ставіць Беларусь на апошняе месца па здольнасьці супраціўляцца маніпуляцыям у СМІ – кажа экспэрт EAST Center Андрэй Елісееў.

/

Андрэй Елісееў: У цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе няма іншай краіны, дзе насельніцтва было б настолькі падатлівае на ўплывы пракрамлёўскіх мэдыя, дзе настолькі папулярныя расейскія СМІ і настолькі высокі рэйтынг даверу да іх. Таму патэнцыял інфармацыйнай пагрозы з боку Расеі проста калясальны. Таму вельмі важна казаць пра гэтую праблему публічна, а таксама вельмі важна мець параўнальныя індэксы ўстойлівасьці да дэзінфармацыі, каб аналізаваць сытуацыю і сачыць за ёй.

Што зрабіла беларускае грамадзтва настолькі ўразьлівым да ўзьдзеяньня крамлёўскай прапаганды? Перш за ўсё, моўная й інфармацыйная палітыка, якую праводзілі беларускія ўлады ў апошнія 20 гадоў.

Колькасьць школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску ў краіне складае ўсяго 14%. Палітыка русыфікацыі прывяла да таго, што больш за 60% беларусаў жадаюць атрымліваць інфармацыю выключна на расейскай мове. Каля 65% фільмаў і перадачаў, якія трансьлююцца на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах, вырабленыя ў Расеі. Карціна сьвету беларусаў фармуюць не беларускія, а расейскія СМІ – сьцьвярджаюць апытаныя дасьледчыкамі EAST Center мэдыяэкспэрты.

Беларускае кіраўніцтва мае шмат магчымасьцяў, каб закрыць доступ беларускай аўдыторыі да любога тэлеканалу й сайту, на якім гучыць крытыка ўладаў. Аднак экспэрты сумняюцца, што дзяржаўная сыстэма кантролю спрацуе ў выпадку сапраўднай інфармацыйнай вайны – кажа дасьледчыца EAST Center Вераніка Лапуцька.

/

Вераніка Лапуцька: У Беларусі парушаецца свабода слова. Мэдыярынак падзелены на два сэктары – дзяржаўны й незалежны, якія не супрацоўнічаюць паміж сабой. Таксама няма супрацоўніцтва паміж журналістамі і дзяржаўнымі ворганамі, якія манітаруюць і кантралююць мэдыясфэру. Пакуль гэтага супрацоўніцтва ня будзе, Беларусь ня будзе здольная эфэктыўна рэагаваць на зьнешнія пагрозы. Падзеленая дзяржава заўсёды будзе больш слабая.

Як можна выправіць сытуацыю? Перш за ўсё, неабходна зьнізіць колькасьць расейскіх палітычных перадачаў на беларускім тэлебачаньні – раяць аналітыкі EAST Center. Сёньня беларускія тэлеканалы ў прайм-тайм паказваюць навіны з Масквы, а ўласна беларускія паказваюць пазьней. Гэта вельмі падобна да таго, як расейскія фэдэральныя каналы паказваюць навіны з расейскіх рэгіёнаў.

Па-другое, трэба дывэрсіфікаваць крыніцы інфармацыі. Неабходна ўключыць у кабэльныя сеткі й пакеты наземнага вяшчаньня тэлеканалы нерасейскага паходжаньня – кажа Андрэй Елісееў.

/

Андрэй Елісееў: Мы прапануем зьмяніць сьпіс агульнадаступных тэлеканалаў і дадаць туды тэлеканалы іншых краінаў, а ня толькі Расеі. Мы прапануем абавязаць кабэльных апэратараў уключаць у пакеты каналаў мінімальную долю каналаў, якія зроблены не ў Расеі. Мы прапануем захады па тым, як рабіць больш якаснага нацыянальнага інфармацыйнага кантэнту. А мэдыйнай супольнасьці мы раім як мага больш асьвятляць выпадкі дэзінфармацыі і прапаганды.

Акрамя таго, аналітыкі EAST Center раяць папулярызаваць беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць і пашыраць вяшчаньне на беларускай мове. Прычым па-беларуску павінныя гучаць ня толькі перадачы пра надвор’е й культуру, але й перадачы пра спорт, здароўе, моду, сьвецкае жыцьцё, на беларускую мову трэба перакладаць папулярныя фільмы.

Ці прыслухаюцца да гэтых рэкамэндацыяў дзяржаўныя ўлады? Рэалізаваць некаторыя прапановы перашкаджае недахоп грошай альбо нежаданьне аслабіць кантроль за СМІ. Аднак вялікую долю рэкамэндацыяў улады сапраўды могуць выканаць – зазначыў прысутны на прэзэнтацыі мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.

/

Паўлюк Быкоўскі: Я думаю, уладам будзе складана дазволіць вялікую канкурэнцыю паміж крыніцамі інфармацыі, якія яны кантралююць і крыніцамі, якія яны не кантралююць. Пры гэтым улады набліжаюцца да разуменьня таго, што неабходна павялічыць канкурэнцыю паміж дзяржаўнымі СМІ. Што тычыцца рэкамэндацыяў па павелічэньні айчыннага кантэнту – то ўлады пра гэта думаюць, але не знаходзяць спосабаў танна гэта зрабіць. Калі знойдуцца сродкі то ў гэтым накірунку будзе зроблена вельмі шмат.

Беларускія ўлады добра ўсьведамляюць, што Крэмль можа выкарыстаць свае тэлеканалы, сайты і «троляў», каб дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі – заявілі экспэрты EAST Center. Некаторыя з прапановаў аналітыкаў улады ўжо рэалізуюць. Так, напрыклад, кіраўніцтва тэлеканалаў АНТ, «НТВ-Беларусь» і «РТР-Беларусь» пераставіла расейскія палітычныя шоў з прайм-тайм на начны час. Дзяржаўныя СМІ паволі пачынаюць папулярызаваць беларускую гісторыю й мову. Аднак гэтых захадаў яўна недастаткова.

/

На тое, каб саскочыць з расейскай «мэдыяіглы» і навучыцца глядзець на сьвет з уласнай, беларускай пэрспэктывы, беларускаму грамадзтву спатрэбяцца доўгія гады. Ці ёсьць у краіны столькі часу – застаецца невядомым.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт