Расейскі самалёт вярнуўся з Вэнэсуэлы
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
31.01.2019 12:10
Вэнэсуэльская апазыцыя заяўляе, што самалёт вывез частку залатога запасу краіны.
Foto: Wikimedia Commons/CCO
Расейскі самалёт, які вылецеў учора з Каракаса, прызямліўся на маскоўскім лётнішчы Ўнукава.
Незалежныя расейскія СМІ паведамілі, што 28 студзеня з Масквы ў Каракас вылецеў самалёт Boeing 777 без пасажыраў, але з двума экіпажамі на борце. Самалёт прыляцеў у Каракас на наступны дзень.
Рэйс назвалі сакрэтным, бо авіякампанія Nordwind Airlines ніколі ня лётала раней у Вэнэсуэлу. Дадаткова МЗС Расеі раіць сваім грамадзянам устрымацца ад паездак у Вэнэсуэлу, а расейскія турфірмы не прадаюць туры ў гэтую краіну.
Вылет у Каракас супаў з паведамленьнямі заходніх агенцтваў пра зьяўленьне расейскіх наймітаў у Вэнэсуэле.
Прылёт самалёту таксама супаў з абвінавачаньнямі з боку вэнэсуэльскіх парлямэнтарыяў у тым, што рэжым Мадура спрабуе вывесьці ў Маскву 20 тон золата з нацыянальных рэзэрваў, што складае пятую частку ўсіх запасаў.
Апазыцыя заявіла, што менавіта за золатам прыляцеў самалёт з Масквы. Улады Вэнэсуэлы адмаўляюць факт прылёту расейскага самалёту ў Каракас. Прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ў Крамлі нічога не вядома пра падобныя пляны.
ПР/юл