Logo Polskiego Radia
Print

Госьць эфіру: В.Ярафееў (фота)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 16.09.2011 06:00
  • Ярафееў.mp3
«Палітыкі думаюць, што яны робяць Эўропу, але ж яна іх робіць, і гэта ня самы лепшы яе твор» - В.Ярафееў.

Некалькі дзён таму ў польскім Уроцлаве закончыўся Эўрапейскі кангрэс культуры. Гэтае шырокамаштабнае мерапрыемства прайшло ў рамках старшынства Польшчы ў Радзе Эўразьвязу. На форум прыбылі выбітныя прадстаўнікі сьвету культуры з розных эўрапейскіх краін. Сярод ганаровых гасьцей быў вядомы сучасны расейскі пісьменьнік Віктар Ярафееў. Мы задалі вядомаму літаратару некалькі пытаньняў.

Віктар Уладзіміравіч! Ці можна казаць пра эўрапейскую культуру як пра зьяву, ці ўсё ж такі эўрапейская культура – гэта мазаіка, пазлы, якія складаюцца з паасобных нацыянальных культур?

/

В.Ярафееў: Канешне, існуе агульнаэўрапейская культура. Хутчэй за ўсё эўрапейскія краіны – гэта кавалачкі культуры, а не наадварот – культура, падзеленая на кавалачкі. Ёсьць сапраўдная, вялікая эўрапейская культура, яе адразу бачна на самых розных узроўнях. Яна – на высокім узроўні, гэта акрэсьленая канцэпцыя жыцьця, метафізыкі. Існуе культура на бытавым узроўні – адразу ж можна адчуць, што ты ў Эўропе, і гэта ідзе ад Італіі да Фінляндыі. Але й гэта ідзе да Грэцыі, адчуваецца ў Румыніі... Гэта пранізвае вельмі шырокую й вельмі глыбокую прастору таго кантынэнта, які называецца Эўропа.
Палітыкі хочуць захапіць вельмі многа – яны думаюць, што яны робяць Эўропу, аднак хутчэй яна іх робіць, і гэта ня самы лепшы яе твор.


Раней было так, што людзі культуры, мастакі зьвярталіся да палітыкаў па падтрымку, у тым ліку матэрыяльную. Цяпер жа наадварот – палітыкі стараюцца атрымаць бласлаўленьне людзей культуры. Парадокс?

/

В.Ярафееў: Палітыкам выгадна далучыцца да культуры – гэта як абаперціся аб сьцяну, якая ніколі не абрынецца.
Няшчасьце Эўропы ў тым, што ў яе вельмі моцна аслабела метафізыка, а метафізыка бласлаўляла і ўладу, і культуру. Цяпер няма агульнага даху, засталіся толькі два крылы. Палітыка, яна падзьвіжная й будуецца на, у асноўным, гарызантальных сувязях. Калі палітык урастае ва ўладу, ён думае, што ён – кароль. На самой жа справе гэта ня так.
Культура – яна іерархічная ды вертыкальная, і таму, канешне, аб яе абаперціся вельмі важна. Зь іншага боку людзі самі дазваляюць палітыкам уладарыць над сабой: калі яны менш чытаюць, калі ёсьць менш апоры на культурныя каштоўнасьці, то, зразумела, на гэтае месца прыходзяць людзі, якія могуць імі маніпуляваць. Мы гэта бачым у любой дзяржаве, у якой існуюць некаторыя элемэнты аўтарытарызма альбо, ня дай Бог, таталітарызма.


На Эўрапейскім кангрэсе культуры было заўважана нямнога прадстаўнікоў зь Беларусі, Украіны ды Расеі. Часам складваецца такое ўражаньне, што Эўрапейскі Зьвяз як бы адпіхаў гэтыя дзяржавы. Але ж гэтыя краіны – гэта таксама Эўропа.

/
В.Ярафееў: Што тычыцца Беларусі ды Ўкраіны, то гэта, несумненна, эўрапейскія дзяржавы, хоць бы таму, што яны цалкам знаходзяцца ў Эўропе. А якія яны могуць быць? Іншая справа, што так здарылася, асабліва Беларусь і значная частка Ўкраіны, іх савецкая ўлада як праз мясарубку перапрацавала ў савецкіх людзей. І гэты фарш застаецца, мы гэта адчуваем. Рух у Эўропу ідзе, але дастаткова павольна.
Што тычыцца Расеі, то гэта тое ж самае, як казаць пра Амэрыку. Чаму Расея павінна быць часткай Эўропы? Толькі таму, што ў яе ў многім эўрапейская сьведамасьць, як у амэрыканцаў? Зь іншага боку, калі на яе паглядзець як на нейкую канцэпцыю, то, канешне, гэта не Эўропа, гэта самастойнае падразьдзяленьне Божага промысла. Гэта ня значыць, што яна горшая ці лепшая, чым Эўропа – яна проста іншая, таксама, як і Амэрыка. Ведаеце, прыехаць у Амэрыку й сказаць: «Хлопцы, вы – эўрапейцы!». Яны скажуць: «Ну, у нас нешта ёсьць ад Эўропы, але ў нас усё ж такі ёсьць Марк Твэн, а не «Мадам Бавары».


Нашым суразмоўцам быў вядомы расейскі пісьменьнік Віктар Ярафееў.

Валера Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт