Сям’я Кавалёва шукае месцa яго пахаваньня
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
25.04.2013 12:40
У заяве сваякі спасылаюцца на рашэньне Камітэта па правах чалавека ААН.
Фота: svaboda.org
Маці й сястра Ўладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных па абвінавачаньні ва ўчыненьні тэракта ў менскім мэтро, просяць паведаміць ім аб месцы яго пахаваньня.
Як сказаў праваабаронца Раман Кісьляк, адпаведную заяву Любоў Кавалёва й Тацьцяна Казяр адправілі 25 красавіка на імя Аляксандра Лукашэнкі, старшыні КДБ Беларусі й начальніка дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС.
Паводле слоў праваабаронцы, у гэтым звароце маці й сястра Ўладзіслава Кавалёва спасылаюцца на рашэньне Камітэта па правах чалавека ААН, дзе была разгледжана іх скарга.
У прыватнасьці, камітэт указаў, што „захаваньне поўнай сакрэтнасьці адносна месца пахаваньня ўяўляюць сабой запалохваньне й пакараньне гэтай сям'і шляхам наўмыснага ўтрыманьня іх у стане нявызначанасьці й душэўных пакут".
У сваім рашэньні Камітэт ААН зьвярнуўся да беларускіх улад з патрабаваньнем паведаміць аб месцы пахаваньня Ўладзіслава Кавалёва яго маці й сястры, а таксама апублікаваць сваё рашэньне ў сродках масавай інфармацыі й прыняць меры, каб такія парушэньні не дапускаліся ў наступным.
Сваякі Ўладзіслава Кавалёва беспасьпяхова дабіваюцца выдачы яго цела для пахаваньня ў адпаведнасьці з канонамі праваслаўнага хрысьціянства.
БелаПАН/аз