Logo Polskiego Radia
Print

У Слоніме адбыўся фэстываль “Палянэз-2015”

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 23.05.2015 18:48
У ім прынялі ўдзел музычныя й танцавальныя калектывы з розных гарадоў Беларусі й адзін з Польшчы.

foto:
foto: wikipedia

У суботу, 23 траўня, у Слоніме адбыўся адзінаццаты фэстываль “Палянэз-2015”. У ім прынялі ўдзел музычныя й танцавальныя калектывы з розных гарадоў Беларусі, а таксам адзін калектыў з Польшчы. Гэта беларускі ансамбль танца й песьні “Васілёчкі” зь Бельска Падляскага. Праўда, у мінулыя гады на “Палянэз” прыязджала шмат гасьцей з Польшчы, Летувы й Расеі. Але сёлета ўсе калектывы ехаць у Слонім адмовіліся па розных прычынах. Таму фэстываль быў ня вельмі шматлюдным. Ён пачаўся традыцыйна каля пажарнай вежы, а потым усе ўдзельнікі сьвята прайшлі па цэнтральнай вуліцы да мясцовага Цэнтра культуры, дзе адбылася конкурсная праграма. Кожны з удзельнікаў прадставіў свой варыянт выкананьня палянэза. Месца фэстывалю выбрана невыпадкова: менавіта ў Слоніме прайшло дзяцінства кампазытара Міхаіла Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага палянэза «Разьвітаньне з радзімай». У горадзе пражываў ягоны дзядзька Міхал Казімір Агінскі. Дарэчы, ён жа і стваральнік помніка гідратэхнікі XVIII стагодзьдзя — канала Агінскага. Побач з каналам Агінскі ў 1775 годзе пабудаваў славуты на ўсю Эўропу тэатр, для пастановак якога сам жа пісаў музыку. Сёньня пра Агінскага ў Слоніме нагадвае й канал, і вуліца ў яго гонар, і некалькі будынкаў той эпохі, а таксама мэмарыяльная шыльда, адкрытая нядаўна на будынку Слонімскага драматычнага тэатра. А да 1939 года ў Слоніме аркестр мясцовай пажарнай каманды два разы на дзень граў палянэз як сыгнал дакладнага часу.

рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт