Logo Polskiego Radia
Print

Фінляндыя падтрымлівае спрашчэньне візавага рэжыму паміж ЭЗ і Беларусьсю

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.05.2019 08:14
Пэрыяд паўгадавога старшынства Фінляндыі ў Эўразьвязе пачнецца 1 ліпеня бягучага году.
Zdjęcie ilustracyjneZdjęcie ilustracyjnepixabay/CC0 License

Фінляндыя падчас будучага старшынства ў Эўразьвязе мае намер падтрымліваць найхутчэйшае завяршэньне перамоў аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж ЭЗ і Беларусьсю. Пра гэта заявіла намесьнік дырэктара дэпартамэнта Расеі, Усходняй Эўропы й Цэнтральнай Азіі Міністэрства замежных спраў Фінляндыі Санамаарыя Ванама.

Прадстаўнік МЗС краіны сустрэлася з журналістамі з Армэніі, Беларусі, Казахстана, Расеі і Ўкраіны ў межах прэс-тура, прымеркаванага да старшынства Фінляндыі ў Эўразвязe, якое пачнецца 1 ліпеня.

„Што да візавага рэжыму, вядома, гэтае пытаньне зьяўляецца канкрэтным і важным для нашых грамадзян, — сказала Ванама. — Мы на пасадзе старшыні будзем садзейнічаць вырашэньню гэтага пытаньня. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ўсе краіны — члены ЭЗ павінны быць адзіныя ў сваім меркаваньні, павінна быць узгодненая ўзаемная пазыцыя”.

Дыплямат таксама адзначыла, што Беларусь зьяўляецца адзінай краінай — удзельніцай Усходняга партнэрства, з якой у ЭЗ няма фармальнага базавага пагадненьня. У сувязі з гэтым прадстаўнік МЗС выказала меркаваньне, што паміж бакамі „не дасягнута пакуль такога збліжэньня, якое неабходнае для заключэньня пагадненьня”, аднак, паводле яе слоў, Фінляндыя прытрымліваецца прагматычнага падыходу ў супрацоўніцтве з Беларусьсю й актывізуе ўзаемадзеяньне ў сфэры экалёгіі й бізнэс-кантактаў.

Падчас паўгадавога пэрыяду старшынства ў ЭЗ, які для Фінляндыі стане ўжо трэцім, улады, паведаміла Ванама, маюць намер надаваць асаблівую ўвагу ініцыятыве „Усходняе партнэрства”, якая „скіраваная на збліжэньне Эўразьвязу й краін у практычнай сфэры”.

Яна адзначыла, што прадугледжваецца ўзаемадзеяньне ў такіх сфэрах, як гандаль, разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, энэргетыка, адукацыя.

„Аднак цэнтральную ролю тут адыгрываюць пытаньні вяршэнства права, функцыянаваньня прававой дзяржавы, магчымае спрыяньне правядзеньню адміністрацыйных рэформаў, выкараненьню карупцыі, умацаваньню гендарнай роўнасьці”, — заявіла Ванама.

„Усходняе партнэрства не нацэленае супраць каго-небудзь і прадугледжвае падтрымку, якая аказваецца краінам для іх разьвіцьця”, — адзначыла намесьнік дырэктара дэпартамэнта МЗС Фінляндыі.

Перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму Беларусь і ЭЗ вядуць з 2014 году. Эўразьвяз настойвае, каб пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму падпісвалася разам з пагадненьнем аб рэадмісіі.

belapan.by/racyja.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт