Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт Грузіі ў Варшаве

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.04.2014 17:02
Камароўскі гарантуе, што Польшча надалей падтрымлівае празаходнія памкненьні Грузіі.

/

Польшча працягвае падтрымліваць празаходнія памкненьні Грузіі, сказаў Браніслаў Камароўскі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Георгіем Маргвелашвілі. Грузінская прэзыдэнцкая пара сёньня гасьціла ў Варшаве.

Пасьля перамоваў у Прэзыдэнцкім палацы Браніслаў Камароўскі падкрэсьліў, што Польшча з павагай ставіцца да рашучасьці, зь якой Грузія імкнецца да інтэграцыі ў NATO і Эўразьвяз. У гэтым кантэксце прэзыдэнт падкрэсьліў значэньне пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ, якое Грузія плянуе падпісаць у бліжэйшым часе.

Браніслаў Камароўскі: Пытаньне падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ асабліва важнае ў аспэкце крызысу вакол Украіны. Падпісаньне дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ у рамках Ўсходняга партнэрства - гэта найлепшы адказ Захаду на рaсейска-ўкраінскі крызыс. Гэта таксама доказ рашучасьці Захаду, у тым ліку Польшчы.

Прэзыдэнт Георгій Маргвелашвілі падзякаваў Польшчы за шматгадовую падтрымку. Паводле яго, калі Грузія глядзіць на Эўропу, то ведае, што мае тут вернага сябра, на якога можа разьлічваць як у складаных, так і штодзённых сытуацыях.

Георгій Маргвелашвілі: Мы згодныя, што нашыя палітычныя адносіны вельмі ўдалыя. Імкненьні Грузіі ўступіць у NATO адназначныя, адназначныя таксама нашыя эўрапейскія памкненьні ... Мы таксама хочам паглыбляць двухбаковыя адносіны з Польшчай.

Грузія ўжо парафіравала пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. Эўрапейская рада пацьвердзіла, што імкнецца да падпісаньня пагадненьня як мага хутчэй. Гэта можа адбыцца ў чэрвені.

Сёньня ў Варшаве прэзыдэнт Грузіі сустрэўся таксама са старшынямі Сэйма й Сэната. Увечары Браніслаў Камароўскі гасьціў прэзыдэнцкую пару на афіцыйным прыёме.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт