Фальсыфікацыя гістарычных фактаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
15.03.2015 13:50
Польскія гісторыкі абураны нямецка-расейскім падручнікам па гісторыі.
foto: pl.wikipedia.org
Польскія гісторыкі абураны нямецка-расейскім падручнікам па гісторыі 20-га стагодзьдзя, які некалькі дзён таму прадставілі навукоўцы зь Нямеччыны і Расеі. Гаворка ідзе пра пакт Молатава-Рыбэнтропа. Паводле расейскіх дасьледчыкаў, Сталін ня меў выйсьця і быў прымушаны залючыць дагавор зь Гітлерам. Расейцы таксама адмаўляюць факт супольнага вайсковага параду немцаў з расейцамі ў Берасьці, не згаджаюцца ставіць на адной плоскасьці гітлераўскай Германіі і СССР.
Польскія гісторыкі занепакоеныя такім перапісваньнем гістарычных фактаў нанава. Фальсыфікацыя фактаў зьвязана з расейскай дзяржаўнай прапагандай, якая будуе тоеснасьць народу на перамозе ў Вялікай айчыннай вайне. А на гэтай перамозе ня можа быць ніводнага ценю.
Пакт Молатава-Рыбэнтропа, падпісаны ў жніўні 1939 году, быў фармальна дамовай аб ненападзеньні, але тайныя пратаколы датычылі падзелу паміж Нямеччынай і СССР незалежных дзяржаваў: Польшчы, Летувы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Румыніі.
ІАР/нг