Logo Polskiego Radia
Print

Унікальная выстава пра Яна Карскага

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 26.08.2015 09:00
Экспазыцыя «Ян Карскі. Місія для чалавецтва» прадстаўляе ўнікальныя іканаграфічныя матэрыялы.
 Ян Карський Ян КарськийWikipedia

Найважнейшыя моманты з жыцьця Яна Карскага можна паглядзець на выставе ў рамках фэстывалю «Варшава Зынгера». Экспазыцыя «Ян Карскі. Місія для чалавецтва» прадстаўляе ўнікальныя іканаграфічныя матэрыялы – здымкі, дакумэнты, дыплёмы й адзнакі ў спалучэньні з выказваньнямі вядомага эмісара Польскай падпольнай дзяржавы. Яны паходзяць зь яго кніг, лістоў, грамадзкіх выступаў і дакумэнтальных відэастужак.

«Мая ідэя заключалася ў тым, каб паказаць вобраз, паказаць героя, але адначасова, каб ён сам пра сябе расказаў. Карскі шмат пра сябе пісаў, таму можна гэтыя вобразы спалучыць зь яго выказваньнямі», – тлумачыць аўтар выставы Мацей Садоўскі. Фатограф расказвае, што стараўся паказаць Карскага як звычайнага чалавека, які пры нагодзе быў героем.

На выставе прадстаўлены, між іншым, фотаздымкі зь дзяцінства Карскага, калі ён быў гарцэрам, дзеячам Падпольнай дзяржавы, здымкі са шлюбу з Поляй Нірэньскай у Вашынгтоне, а таксама з сустрэч зь Ежы Гедройцем у Парыжы ці размоваў зь Яцкам Куранем і Маркам Эдэльманам у Польшчы.

Габрэйская супольнасьць называе Яна Карскага чалавекам, які «хацеў затрымаць Галакост». Падчас ІІ Сусьветнай вайны ён быў кур’ерам польскага падпольля. Ён адным зь першых прадставіў саюзьнікам сытуацыю аб зьнішчэньнях габрэяў на тэрыторыі акупаванай Польшчы. Свае ваенныя ўспаміны ён апісаў у кнізе «Сакрэтная дзяржава».

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт