Анджэй Дуда павіншаваў Янаша Адэра з перавыбраньнем кіраўніком Вугоршчыны
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.03.2017 11:46
Праз два тыдні Дуда й Адэр разам прымуць удзел у Днях польска-вугорскай дружбы ў горадзе Пётркаў-Трыбунальскі.
Янаш Адэр з жонкай у парлямэнце ВугоршчыныPAP/EPA/SZILARD KOSZTICSAK
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда павіншаваў Янаша Адэра з перавыбраньнем на пасаду прэзыдэнта Вугоршчыны. У тэлеграме кіраўніку Вугоршчыны польскі прэзыдэнт падкрэсьліў значэньне ўзаемапавагі й дружбы паміж дзьвюма дзяржавамі.
«Вас паважаюць і любяць ня толькі вугорцы, але й мае суайчыньнікі», – напісаў Анджэй Дуда. Кіраўнік Польшчы падкрэсьліў, што для Польшчы Вугоршчына застаецца важным партнэрам. Ён выказаў надзею на тое, што дзяржавы будуць разьвіваць ня толькі двухбаковае супрацоўніцтва, але й супрацоўніцтва на міжнародным узроўні, а таксама ў рамках рэгіянальных ініцыятываў.
Нагадаем, 13 сакавіка Янаш Адэр быў пераабраны парлямэнтам Вугоршчыны на другі прэзыдэнцкі тэрмін.
Праз два тыдні Анджэй Дуда й Янаш Адэр разам прымуць удзел у Днях польска-вугорскай дружбы ў горадзе Пётркаў-Трыбунальскі (цэнтральная Польшча).
Янаш Адэр нарадзіўся ў 1959 годзе. Закончыў Будапэшцкі ўнівэрсытэт, доктар юрыдычных навук. Член правай партыі «Фідэс» прэмʼер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана.
вс