У Польшчы значна павялічылася колькасьць выпадкаў адру
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
08.01.2019 13:34
У канцы мінулага году польскія лекары зарэгістравалі рэзкае павелічэньне захворваньняў адром.
Ілюстрацыйнае фотаFoto: pixabay.com/CC0
Паводле дадзеных Нацыянальнага інстытута грамадзкага здароўя, за 2018 год адром захварэла 339 чалавек, але большасьць – у лістападзе ды сьнежні. Цягам усяго 2017 года ў Польшчы былі зарэгістраваныя толькі 63 выпадкі адру. Пры гадавым параўнаньні, гэта азначае 5-кратнае павелічэньне захворваньня.
Доктар Агата Макуўка з Нацыянальнага інстытута грамадзкага здароўя зазначае, што апошнія месяцы прынесьлі яшчэ больш усплёск захворваньняў. Адсюль вынікае, што колькасьць выпадкаў можа працягваць расьці.
Асноўную прычыну польскія спэцыялісты бачаць у дрэннай эпідэміялягічнай сытуацыі ва Ўкраіне. У 2018 годзе ў гэтай краіне было зарэгістравана больш за 54000 выпадкаў захворваньняў, 16 чалавек памерлі, у тым ліку 12 дзяцей.
Лябараторныя тэсты пацьвярджаюць, што летась у Польшчы цыркуляваў генатып адру D8, прывезены з Украіны. У асноўным у Польшчы адром хварэлі людзі ўкраінскага паходжаньня, таксама асобы, якія мелі кантакт зь імі.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Польшчы, вакцыны супраць адру перададзеныя ў паліклінікі для правядзеньня плянавай вакцынацыі, таксама яны даступныя ў аптэках.
ПР/юл