Logo Polskiego Radia
Print

Туркі апублікавалі запіс з папярэджваньнем Су-24М (АЎДЫЁ)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.11.2015 07:13
Мінабароны Нямеччыны: Су-24М туркі зьбілі ўжо над тэрыторыяй Сырыі.
Su-24MSu-24MRob Schleiffert/flickr.com

Турэцкія ваенныя апублікавалі відэазапіс, на якім, як яны сьцьвярджаюць, чуваць папярэджаньне расейскага бамбавіка Су-24М перад тым, як ён быў зьбіты турэцкім зьнішчальнікам F-16, паведамляе BBC.
На аўдыёзапісы чуваць, як мужчынскі голас на ангельскай мове папярэджвае: "Вы набліжаецеся да паветранай прасторы Турцыі". "Зьмяніце напрамак. Неадкладна павярніце ў паўднёвым напрамку", - кажа мужчына.

Расейскі бамбавік Су-24М быў зьбіты ў аўторак у раёне сырыйска-турэцкай мяжы. Паводле турэцкага боку, машына была зьбітая пасьля перасячэньня мяжы й неаднаразовых папярэджаньняў.

Пілёты катапультаваліся, камандзір экіпажа Алег Пяшкоў загінуў у паветры падчас палёту на парашуце ў выніку агню з зямлі.
Штурману Канстанціну Мурахціну ўдалося шчасьліва прызямліцца й дабрацца да вайскоўцаў сырыйскай урадавай арміі.
У інтэрвію расейскаму тэлебачаньню лётчык заявіў, што яго самалёт ня мог парушыць турэцкую паветраную прастору.
"Не, гэта выключана, нават на адну сэкунду, тым больш што мы ляцелі на вышыні каля 6000 мэтраў, надвор'е было яснае. Увесь наш палёт да моманту выбуху ракеты цалкам мной кантраляваўся", - сказаў пілёт.

Нямецкае выданьне Bild паведаміла, што расейскі самалёт сьледаваў уздоўж сырыйска-турэцкай мяжы й ненаўмысна парушыў паветраную прастору Турцыі, уляцеўшы ў яе на адлегласьць 2-4 км, што эквівалентна прыкладна 17-і сэкундам. Пры гэтым Bild зазначае, што Су-24М туркі зьбілі ўжо над тэрыторыяй Сырыі. Выданьне спасылаецца на разьведдадзеныя й сакрэтны аналіз Мінабароны Нямеччыны.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт