Расея даставіла ў Сырыю ракетную сыстэму S-300
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.10.2016 14:39
Устаноўка S-300 пакуль не прыведзеная ў баявую гатоўнасьць, паведамляе CNN.
wikipedia.com/Vitaly V. Kuzmin
Расея даставіла ў Сырыю новую сыстэму супрацьпаветранай абароны S-300, паведамляе CNN са спасылкай на афіцыйную амэрыканскую крыніцу.
Устаноўка S-300, вядомая таксама як SA-23, была дастаўленая на тэрыторыю Сырыі ў мінулыя выходныя й пакуль не прыведзеная ў баявую гатоўнасьць. Паводле крыніцы, новае ўзбраеньне значна павялічвае баяздольнасьць расейскіх сілаў СПА на паўночным захадзе Сырыі. У Вашынгтоне ня лічаць, што Расея мае намер прымяняць S-300 супраць амэрыканскіх самалётаў, але ўзмацненьне расейскай баявой моцы зьяўляецца прадметам „занепакоенасьці”.
У ЗША называюць тры магчымыя варыянты разьмяшчэньня ўстаноўкі S-300. Два зь іх — аэрапорт Басэль аль Асад і горад Масьяф. Трэцяе магчымае месца дысьлякацыі новай зброі — гарыстая мясцовасьць Баніяс на паўночным захадзе Сырыі, што тэарэтычна магло б „выклікаць больш пытаньняў” з боку амэрыканскіх Ваенна-паветраных сілаў. Калі разьмясьціць сыстэму на ўзвышшы, то радыюс дзеяньня яе лякатараў можа павялічыцца.
svaboda.org/аз