Вашчыкоўскі: Пагрозу з боку Расеі мы адчуваем даўно
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
30.05.2016 18:27
Міністар замежных справаў адказаў на словы Пуціна наконт разьмяшчэньня ў Польшчы й Румыніі СРА.
Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд ВашчыкоўскіФота: Polskie Radio
Міністар замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што элемэнты супрацьракетнай сыстэмы ЗША, будаўніцтва якіх пачалося ў Польшчы, зьяўляюцца адказам Варшавы на агрэсіўныя паводзіны Крамля. Нядаўна пра факт разьмяшчэньня элемэнтаў супрацьракетнай абароны (СРА) ЗША ў Польшчы й Румыніі гаварыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Нагадаем, на днях расейскі лідар заявіў, што Масква прадпрыме крокі ў адказ на разьмяшчэньне амэрыканскай сыстэмы ў Румыніі й Польшчы. «Мы будзем прымушаныя адрэагаваць адпаведным чынам. І калі яшчэ нядаўна некаторыя тэрыторыі Румыніі ня ведалі, што такое быць пад прыцэлам, то сёньня мы прымушаныя выканаць пэўныя дзеяньні, якія павінны забясьпечыць нашую бясьпеку», – сказаў Пуцін падчас візыту ў Грэцыю.
Паводле яго слоў, «тое ж самае» будзе і ў Польшчы, паведамляюць нашыя калегі з Расейскай службы Польскага радыё. Уладзімір Пуцін лічыць, што разьмяшчэньне ў Эўропе амэрыканскіх пускавых установак, на якія можна пагрузіць ракеты сярэдняй дальнасьці, парушае Дамову аб ракетах сярэдняй і малой дальнасьці.
«Сёньня там разьмяшчаюцца ракеты дальнасьцю 500 км, празь некалькі гадоў гэта будуць ракеты дальнасьці 1000 км», – сказаў прэзыдэнт Расеі.
Ён заявіў, што ў Маскве нават ведаюць прыкладныя тэрміны, калі гэтыя ракеты будуць пастаўлены на ўзбраеньне, падкрэсьліўшы, што такая сытуацыя пагражае расейскім ядзерным сілам.
Уладзімір Пуцін непакоіцца, што «на гэтыя кампактныя ўстаноўкі могуць быць пагружаныя ўдарныя ракеты прама цяпер, а гэта – дальнасьць 2400 км».
«Замяніць адну ракету на іншую не ўяўляе ніякай праблемы. Дастаткова толькі памяняць праграмнае забесьпячэньне, і ніхто гэтага не заўважыць, нават румыны», – сказаў кіраўнік расейскай дзяржавы.
Сёньня на словы Пуціна адрэагаваў міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. У эфіры інфармацыйнага тэлеканалу TVN24 кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства краіны сказаў, што элемэнты амэрыканскай СРА ў Польшчы – гэта адказ на пагрозы Расеі, зь якімі Польшча сутыкаецца ўжо даўно.
В.Вашчыкоўскі: Пагрозу з боку Расеі мы адчуваем даўно. І амэрыканскі антыракетны шчыт у Польшчы зьяўляецца адказам на гэтыя пагрозы, прысутнасьць войск ЗША й войск NATO – гэта адказ на пагрозы Крамля. Я таксама спадзяюся, што на саміце Паўночнаатлянтычнага пакту, якія праз 39 дзён пройдзе ў Варшаве, будуць прынятыя важныя рашэньні наконт узмацненьня натаўскіх сіл у Польшчы.
Я хачу зазначыць, што гэта ня мы мяняем характар міжнародных адносін. Гэта Расеі іх мяняе: гэта Расея мяняе правілы геапалітычнай гульні ў Эўропе. А мы проста адказвае на агрэсіўныя паводзіны Расеі.
NATO не ваюе ўжо даўно: апошні раз пакт прымаў удзел у апэрацыі на Балканах. А вось Расея цягам васьмі апошніх гадоў вядзе трэцюю вайну: гэта Грузія, Украіна й Сырыя. Я хачу таксама нагадаць пра інцыдэнты супраць амэрыканскіх караблёў, якія прымаюць удзел у вучэньнях на Балтыцы. Такім чынам, мы адказваем на пагрозу Пуціна, патрабуючы пастаяннай прысутнасьці войск NATO на тэрыторыі Польшчы.
Міністар Вашчыкоўскі таксама дадаў, што акрамя войск NATO Варшава бачыць на сваёй тэрыторыі стварэньне складоў амэрыканскай зброі ды разьведвальных ды пошукавых цэнтраў.
вс