Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы працягваецца спрэчка вакол Канстытуцыйнага суда

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 13.09.2016 15:01
  • Вэнэцыянская камсія.mp3
Працягваецца візыт Вэнэцыянскай камісіі, прадстаўнікі якой павінны даць прававую ацэнку апошняга закону аб КС.
Сакратар Вэнэцыянскай камісіі Thomas Markert Сакратар Вэнэцыянскай камісіі Thomas Markert PAP/Jakub Kamiński

Яе прадстаўнікі павінны падрыхтаваць ацэнку апошняга закону аб Канстытуцыйным судзе. З гэтай мэтай дэлегацыя ўчора прыехала ў Польшчу, каб правесьці шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўлад. Канфлікт вакол Канстытуцыйнага суду ў Польшчы працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Спрэчныя ацэнкі выклікае й цяперашні візыт дэлегацыі Вэнэцыянскай камісіі.

Вэнэцыянскай камісіі залежыць, каб запэўніць пасьпяховую працу польскага Канстытуцыйнага суду – сказаў яе сакратар Том Маркэрт. Ён патлумачыў, што мэта двухдзённага візыту – праверыць, ці новы закон аб Канстытуцыйным судзе адпавядае рэкамэндацыям, якія камісія выдала ў сакавіку. Том Маркэрт патлумачыў, што гэта адбываецца па просьбе Генэральнага сакратара Рады Эўропы.

Т. Маркэрт: У нашых сакавіцкіх рэкамэндацыях мы найперш клапаціліся пра тое, каб забясьпечыць эфэктыўную працу Канстытуцыйнаму суду. Гэта вельмі важная ўстанова для польскіх грамадзян. Таму мы хочам пераканацца, што ўсё адбываецца згодна з законам і павагай да правоў чалавека. Мы хочам праверыць, ці закон сапраўды дазваляе Канстытуцыйнаму суду эфэктыўна працаваць.

Том Маркэрт адзначыў, што прадстаўнікі камісіі задаволеныя праведзенымі сустрэчамі. Аднак гэта не азначае задавальненьня сытуацыяй вакол вырашэньня канфлікту, зьвязанага з КС. Падчас візыту прадстаўнікі Вэнэцыянскай камісіі сустрэліся з прадстаўнікамі Найвышэйшага суду, Сэнату й Сэйму, прайшлі сустрэчы ў Міністэрстве юстыцыі й з амбудсмэнам грамадзянскіх правоў, адбылася сустрэча з прэм’ер-міністрам Бэатай Шыдла й судзьдзямі Канстытуцыйнага суду.

Дзейны старшыня Канстытуцыйнага суду Анджэй Жэпліньскі паінфармаваў камісію, што праца суду паралізуецца кіраўніцтвам краіны.

А. Жэпліньскі: Камісія пыталася пра прычыны паралічу, паводле нас, прац Канстытуцыйнага суду. Я пацьвердзіў, што праца паралізаваная. Адной са спробаў кіраваньня судом зьяўляецца абвяшчэньне кожныя два тыдні інфармацыі, што будзе новы закон аб судзе, і што ня будзе такога закону.

У дадзены момант у склад Канстытуцыйнага суду ўваходзяць судзьдзі, прызначаныя папярэднім урадам, а таксама судзьдзі, якіх выбралі цяперашнія ўлады. На сустрэчу з Вэнэцыянскай камісіяй не прыйшлі апошнія. Судзьдзі, абраныя актуальным Сэймам, адмовіліся ўдзельнічаць у спатканьні. Яны пераконваюць, што іх ранейшыя ўвагі былі ігнараваныя. Таксама судзьдзі адзначылі, што запрапанаваная ім 15-хвілінная сустрэча сьведчыць аб тым, што візыт Вэнэцыянскай камісіі мае выключна іміджавы характар.

Віцэ-маршалак Сэйму й кіраўнік парлямэнцкага клюбу «Права й справядлівасьць» Рышард Тэрлецкі ацаніў візыт камісіі як «больш турыстычны». Маршалак Сэнату Станіслаў Карчэўскі ўвогуле не прыйшоў на сустрэчу з прадстаўнікамі Вэнэцыянскай камісіі.

Старшыня сэймавай камісіі юстыцыі Станіслаў Пятровіч з «Права й справядлівасьці» прадставіў Вэнэцыянскай камісіі даклад, распрацаваны экспэртамі.

С. Пятровіч: Прадстаўнікі Вэнэцыянскай камісіі з задавальненьнем прынялі гэты даклад. Я думаю, яны, нягледзячы на ўсё, спадзяюцца, што ўдасца выйсьці з крызысу вакол Канстытуцыйнага суду.

Адказваючы на пытаньне прадстаўнікоў Вэнэцыянскай камісіі, Станіслаў Пятровіч паінфармаваў, што судзейскія асяродзьдзі стаяць на боку Канстытуцыйнага суду, паколькі яны не зацікаўленыя зьменамі. Паводле дэпутата, некаторыя судзьдзі ня хочуць рэформы сыстэмы юрыспрудэнцыі, паколькі лічаць сябе «надзвычайнай катэгорыяй людзей».

На сустрэчу ў Сэйме не былі запрошаныя прадстаўнікі апазыцыі. Усё ж дзьве дэпутаткі з партыі «Сучасная Польшча» ўвайшлі ў залю, дзе адбывалася спатканьне, і запрасілі прадстаўнікоў Вэнэцыянскай камісіі прыйсьці на сустрэчу з апазыцыяй. Запрашэньне было прынятае. Апазыцыя выказала сваё меркаваньне й дадала, што ў краіне не адбываецца дэбата на тэму Канстытуцыйнага суду, як пераконваюць улады.

Канчатковая ацэнка Вэнэцыянскай камісіі ў справе сытуацыі ў Польшчы будзе абвешчаная 14 кастрычніка.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт