Logo Polskiego Radia
Print

«Да запрашэньня ў Варшаву ці Брусэль Лукашэнку яшчэ далёка»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.12.2016 21:14
  • Да запрашэньня ў Варшаву ці Брусэль Лукашэнку яшчэ далёка.mp3
Канфлікт ва Ўкраіне становіцца гісторыяй, таму Лукашэнку трэба прыдумаць новы спосаб заваяваць прыхільнасьць Захаду – палітоляг.
wikimedia commons/Okras (Own work)/CC BY-SA 4.0

Ці ўдасца Менску дабіцца прызнаньня Палаты прадстаўнікоў на міжнароднай арэне й спыненьня Польшчай ды іншымі краінамі падтрымкі недзяржаўных СМІ? Ці на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта прызначаць рэфарматара і ці пачне міністар унутраных справаў Шуневіч чыстку ў шэрагах міліцыі? Візыт прадстаўнічай дэлегацыі Сэнату Польшчы ў Менск, адстаўка Ўладзімер Косінца ды іншыя тэмы абмяркоўваюць у сёньняшнім «Палітычным люстэрку» экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня і Аляксандар Папко.

Лібэралізацыя дойдзе й да культуры?

«Мяккая беларусізацыя» набірае абароты: 1 студзеня стала вядома, што Менгарвыканкам дазволіў выкананьне музычнага праекту «Народны альбом» з удзелам Лявона Вольскага й Зьмітра Вайцюшкевіча. Культавы мюзікал пра жыцьцё Заходняй Беларусі міжваеннага пэрыяду не паказвалі на сцэне больш за 10 гадоў. З аднаго боку, дазвол «Народнага альбому» – гэта нагода парадавацца. А з іншага боку, ці не стала пагроза «данбасакага сцэнару» ў Беларусі настолькі моцнай, што ўлады вырашылі пайсьці на нечакана сьмелыя крокі ў культурнай галіне?

Рыгор Астапеня: Мне падаецца, што страх перад данбаскім сцэнарам – занадта далёкаідучая выснова. Сапраўдная прычына можа быць куды банальнейшая. Шмат у чым забароны ў культурніцкай сфэры выбіваліся з агульнай карціны лібэралізацыі, якую ўлады дэманструюць сёньня. Апанэнты рэжыму альбо заходнікі заўсёды маглі сказаць беларускім чыноўнікам: «Хлопцы, якая ў вас лібэралізацыя, калі вы канцэрты нават не дазваляеце?»Дазвол «Народнага альбому» шмат у чым паказвае, што ўлады Беларусі хацелі б, каб такое пытаньне ім не задавалі.

«МУС не вучыць сваіх супрацоўнікаў шанаваць законы»

10 дзён таму пад Баранавічамі нецьвярозы начальнік мясцовай ДАІ насьмерць зьбіў жанчыну. Аднак чарговы скандал з удзелам праваахоўнікаў не падштурхнуў міністра ўнутраных справаў Беларусі прынесьці прабачэньні й паабяцаць выправіць сытуацыю. У тэлеінтэрвію, якое Ігар Шуневіч даў 1 сьнежня, ён заявіў, што супраць МУС вядуць «інфармацыйную вайну» сілы, якія хочуць «арганізаваць у Беларусі Майдан». Хто «ваюе» супраць міністра Шуневіча, і ці сапраўды яго падначаленыя не заслужылі крытыкі?

Рыгор Астапеня: Са спадаром міністрам змагаецца рэчаіснасьць беларускіх праваахоўных ворганаў. У рэшце рэшт, ніхто не прымушае супрацоўнікаў міліцыі мачыцца на падлеткаў, суваць дубінкі Зьмітру Дашкевічу ў рот альбо напісацца й зьбіваць жанчыну насьмерць. Канешне. Не хацелася б ачарняць усміх супрацўнікаў міліцыі, але агульная выснова даволі сумная: беларускія праваахоўныя ворганы не прывучаюць сваіх супрацоўнікаў шанаваць законы, а кіраўніцтва МУС ня ў стане выходзіць з крытычных сытуацыяў – такіх, якая паўстала сёньня. У больш разьвітай краіне спадар Шуневіч ужо ня быў бы міністрам.

Сьціхае накал вайны ва Ўкраіне – зьмяншаецца значэньне Лукашэнкі

5-6 сьнежня дэлегацыя Сэнату Польшчы на чале са сьпікерам Станіславам Карчэўскім наведала Беларусь і сустрэлася з першымі асобамі беларускай дзяржавы – кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам і старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімерам Андрэйчанкам. Улады Беларусі жадаюць узмацніць эканамічнае супрацоўніцтва з Польшчай і спадзяюцца, што супраца з Варшавай дапаможа Палаце прадстаўнікоў дабіцца прызнаньня на міжнароднай арэне. Ці Польшча і Эўразьвяз прымуць Лукашэнку «такім, які ён ёсьць», зьнімуць з павесткі дня пытаньні грамадзянскіх свабодаў, спыняць падтрымку недзяржаўных СМІ і няўрадавых арганізацыяў?

Рыгор Астапеня: Я ня думаю, што Аляксандра Лукашэнку прымуць такім, якія ён ёсьць, бо няма дзеля чаго. Канфлікт ва Ўкраіне ўсё больш становіцца гісторыяй, таму зьмяншаецца геапалітычнае значэньне Беларусі. А нафты ў Беларусі дагэтуль не знайшлі. Таму Аляксандар Лукашэнка можа станавіцца больш прымальным для Захаду, але ад таго ж запрашэньня ў Варшаву ці Брусэль яму яшчэ вельмі далёка. Калі Аляксандар Лукашэнка не прыдумае вельмі важнай прычыны, чаму Захад павінен ставіцца да яго больш лагодна, то Эўразьвяз і Злучаныя Штаты працягнуць казаць пра тое, што ў Беларусі парушаюцца грамадзянскія правы і, адпаведна, працягваць падтрымліваць недзяржаўныя арганізацыі і мас-мэдыя.

Новы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта пакажа, ці думае Лукашэнка пра рэформы.

Гучныя перастаноўкі адбыліся ў беларускім урадзе 5 сьнежня. У адстаўку разам са сваім намесьнікам быў адпраўлены «верны жаўнер Лукашэнкі» кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Косінец. Усяго месяц таму Лукашэнка патрабаваў ад Косінца «новых, непрычасаных ідэяў». Ці не зьвязана адстаўка Косінца з тым, што ён ня змог прапанаваць праектаў рэформаў? Ці на зьмену Косінцу прыйдзе больш ініцыятыўны і настаўлены на рэформы чалавек?

Рыгор Астапеня: Мы абсалютна ня ведаем, чаму Аляксандар Лукашэнка звольніў Косінца з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, бо беларуская сыстэма ўлады абсалютна непразрыстая, а Аляксандар Лукашэнка свайго рашэньня ніякім чынам не патлумачыў. Мне падаецца, што асоба наступнага кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта істотная, бо яна пакажа, у якім накірунку думае Аляксандар Лукашэнка. Аднак значэньне гэтай асобы для рэформаў я б не перабольшваў. Менавіта кіраўнік краіны трымае ключ ад гэтай брамы. Толькі ад яго залежыць, калі пачнуцца рэформы. Здаецца, што ўсе прадстаўнікі дзяржаўнага апарату бачаць, што сыстэма, якая была эфэктыўнай 10 ці 15 гадоў таму, сёньня ўжо ня ў стане даваць эканамічнага росту. Таму ніякай альтэрнатывы рэформам проста не існуе.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт