Беларусы на OPPA-2012
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
20.11.2012 19:00
Расказвае Пётр Бакаль, польскі бард, ініцыятар, шматгадовы арганізатар і ўдзельнік фэстывалю OPPA.
У Варшаве працягваецца буйная музычная імпрэза Фэстываль аўтарскай песьні OPPA-2012. Гэта юбілейны 30-ты фэстываль.
Спачатку мерапрыемства мела выключна нацыянальна польскі характар. Некалькі гадоў таму арганізатары сталі запрашаць да ўдзелу артыстаў з іншых краін. У OPPA ўдзельнічаюць таксама беларускія барды.
Наш госьць Пётр Бакаль, польскі бард, ініцыятар, шматгадовы арганізатар і ўдзельнік фэстывалю OPPA.
П.Бакаль: Першай ластаўкай, першым знакамітым беларускім бардам на нашым фэстывалі была Тацьцяна Беланогая, якая ў 2006 годзе здабыла Гран Пры імя Ёнаша Кофты. Да яе й пасьля яе яшчэ не здарылася так, каб замежны госьць заваяваў галоўную ўзнагароду. Сёлета Тацьцяна таксама прыедзе, таму што ў гэтым годзе ў нас юбілейны канцэрт на заканчэньне фэстывалю OPPA 24 лістапада ў студыі імя Лютаслаўскага. На гэтым канцэрце выступяць усе ляўрэаты нашага фэстывалю ў тым ліку й Тацьцяна Беланогая.
У гэтым годзе на OPPA выступілі тры барды зь Беларусі.
П.Бакаль: Па-беларуску на конкурсе засьпявала Вольга Акуліч разам са сваім рок-гуртом "Верасень". Яна прайшла ў фінал. Акрамя яе зь Беларусі прыехала таксама Тацьцяна Салаўёва. Яна піша й сьпявае на расейскай мове. У панядзелак выступіў Аляксанадр Баль – бард з Магілёва –добравядомы й паважаны на сваёй радзіме.
На сцэне фэстываля нараджаюцца новыя барды.
П.Бакаль: Штогод мы падтрымліваем ляўрэатам на іх артыстычным шляху. Дапамагаем выдаць іх першы дыск. Ляўрэаты Гран Пры імя Ёнаша Кофты атрымліваюць дафінансаваньне запісу й выпускаем 1200 дыскаў. Артыст, у якога няма яшчэ свайго альбома, вельмі на гэтым карыстаецца – ён пераходзіць у іншы этап творчага шляху.
Фэстываль OPPA зьяўляецца адным з найважнейшых фэстываляў аўтарскай песьні. Ён нарадзіўся ў 1978 годзе. Кожны год праходзіць у другой палове лістапада. На ім выступаюць найлепшыя польскія артысты, якія пішуць і сьпяваюць свае песьні.
Пра ранг фэстываля сьведчаць таксама замежныя госьці, як італьянскі сьпявак Паолё Контэ, францускі шансонье Жорж Мустакі, расейскі бард Юрый Кукін, Вадзім Егораў, і інш.
Штогод у конкурсе OPPA жадаюць прыняць удзел некалькі дзясятакаў музыкаў. Сярод іх таксама беларускія музыкі.
Я.С.