Польшча-Манголія-Паўднёвая Карэя
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
22.10.2013 15:32
Эканамічнае супрацоўніцтва зьяўляецца галоўнай тэмай неафіцыйнага візыту прэзыдэнта Браніслава Камароўскага ў Манголію й Паўднёвую Карэю.
Prezydent Bronisław Komorowski podczas ceremonii oficjalnego powitania w Seulu, foto: PAP/Paweł Supernak
Прэзыдэнта суправаджае віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Януш Пехаціньскі ды больш за 40 польскіх бізнэсоўцаў.
Ва Ўлан-Батары адбыўся эканамічны форум і двухбаковыя перамовы. Міністар Пехаціньскі падпісаў „Дэклярацыю аб супрацоўніцтве ў галіне горназдабываючай тэхнікі й прамысловасьці”. З мангольскага боку подпіс паставіў міністар горназдабываючай прамысловасьці.
Паводле статыстычных дадзеных, да паловы гэтага году польскі экспарт у Манголію ў некалькі разоў перавышае імпарт з гэтай краіны. У 2013 годзе Польшча прадала тавары вартасьцю прыблізна 24 мільёны эўра. Імпарт з Манголіі складае ледзь 36 тысяч эўра.
На канец 2012 году ў Манголіі дзейнічала 28 фірмаў з удзелам польскага капіталу. Яны працуюць у галіне горнай прамысловасьці, інфраструктуры й будаўніцтва, фармацэўтыкі й прадуктаў харчаваньня.
Польшча разьлічвае на больш шырокі доступ да багатых мангольскіх мінэральных рэсурсаў.
У сваю чаргу гандлёвы балянс паміж Польшчай і Паўднёвай Карэяй атрымліваецца на карысьць Сэула. Дэфіцыт гандлёвага абарачэньня зьвязаны зь імпартам тавараў, які ажыцьцяўляюць карэйскія інвэстары, што вядуць вытворчасьць на тэрыторыі Польшчы, а ў далейшым прадаюць тавары на эўрапейскіх рынках. Вартасьць паўднёвакарэйскіх інвэстыцый у Польшчы складае 1 мільярд 700 мільёнаў даляраў.
Браніслаў Камароўскі падчас візыту ў Паўднёвую Карэю заахвочваў да двухбаковага супрацоўніцтва ў наступных галінах: бытавой тэхнікі, авіяцыі, вытворчасьці яхтаў, аднаўляльнай энэргіі й „зялёных” тэхналёгій, а таксама да супольных навуковых дасьледаваньняў у інфарматыцы, хімічным, касмэтычным і фармацэўтычным сэктарах.
яс