Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапарлямэнт заклікае абмежаваць расейскую прапаганду

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.11.2016 15:52
  • Эўрапарлямэнт заклікае.mp3
У Страсбурзе пачаліся дэбаты сярод дэпутатаў на тэму таго, як супрацьстаяць расейскай прапагандзе,якая шырыцца ў Эўропе
Minister Anna FotygaMinister Anna FotygaFoto: Aleksandr Papko/radyjo.net

Дыскусію ініцыяваў праект рэзалюцыі на тэму расейскай прапаганды ў ЭЗ ды ў краінах Усходняга суседзтва. Са справаздачай на дадзеную тэму выступіла польская эўрадэпутатка Анна Фатыга. Месяц таму ейную справаздачу прыняла парлямэнцкая камісія замежных спраў. У Страсбурзе ўчора прайшло абмеркаваньне дадзенага дакумэнта. Больш падрабязна са Страсбурга перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Эўразьвяз павінен больш сур’ёзна падыходзіць да справы стратэгічнай камунікацыі, каб больш эфэктыўна супрацьстаяць варожай прапагандзе з Расеі. Гэта адзін з галоўных момантаў справаздачы. Апроч таго, у ім зазначаецца, што Крэмль выкарыстоўвае аналітычныя цэнтры, тэлеканалы, інфармагенцтвы ды сацыяльныя сеткі, каб падзяліць Эўропу й фальсыфікаваць гісторыю. Анна Фатыга запрапанавала павялічыць фінансаваньне для адмысловай групы, створанай Эўракамісіяй для барацьбы з расейскай прапагандай.

Гэта неабходна, каб абмежаваць нэгатыўны ўплыў расейскай інфармацыйнай вайны, бо Крэмль ня толькі вядзе акцыі дэзінфармацыі, але імкнецца запалохаць Эўропу. Гаворыць Анна Фатыга.

Анна Фатыга: Гэта ня толькі справа дэзінфармацыі, маніпуляцыі, перакручваньня гісторыі. Гэта палітыка расьсейваньня страху, таго, што Расея можа быць непрадказальнай. Лепш быць ціха ды не дражніць мядзьведзя. Гэта толькі пачатак. Спадзяюся, што мы зможам узмоцніць дадзеную структуру. Разам мы можам быць моцнымі, маем перавагу, калі мы зробім крокі ў бок супрацьдзеяньня ды спыненьня такога дзяржаўнага тэрарызму. У адзінстве наша сіла.

Справаздача Анны Фатыгі выклікала жывую рэакцыю з боку дэпутатаў. З пратэстам выступілі камуністы ды крайне правыя. Сацыялісты заявілі, што дакумэнт неўраўнаважаны, але яны ня будуць галасаваць супраць яго. У сваю чаргу справаздачу падтрымалі лібэралы. Яны заявілі, што расейская прапаганда шырыцца ў ЭЗ, і зь ёю трэба змагацца. З такім заклікам выступіў эўрадэпутат Пэтрас Астравічус з фракцыі лібэралаў

Пэтрас Астравічус: Спачатку Крэмль праверыў прапаганду на сваіх людзях, цяпер хоча гэта зрабіць па-за межамі краіны. ЭЗ стаў стратэгічнай цэльлю.

Гучалі таксама галасы, што пры сёньняшнім стаўленьні Эўропа ня ў стане супрацьдзейнічаць наплыву прапаганды з Усходу. Гаворыць эўрадэпутат Богдан Здраеўскі.

Богдан Здраеўскі: На жаль, Эўропа слабая ў гэтай справе.

Дэпутатка Анна Фатыга заклікала Эўрапарлямэнт перагледзець падыход ды прызначыць большыя сродкі на супрацьдзеяньне расейскай прапагандзе.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт