Logo Polskiego Radia
Print

"Публічнае забойства жывёлаў - прабел у выхаваньні вайскоўцаў"

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 20.08.2017 11:12
  • Публічнае забойства жывёлаў - прабел у выхаваньні вайскоўцаў.mp3
Былыя вайскоўцы ды эка-актывісты асуджаюць жорсткае шоў берасьцейскіх дэсантнікаў.
Фота: Алеся Сіманоўская/b-g.by

Абурэньне эколягаў ды грамадзкасьці выклікаў выступ берасьцейскіх дэсантнікаў. 2 жніўня, калі крылатая пяхота адзначала сваё сьвята, салдаты паказалі «шоў», якое, паводле многіх сьведкаў, зацьміла сабой купаньне ў фантанах ды вулічныя бойкі. На вачах у дарослых і дзяцей байцы голымі рукамі разьдзіралі жывых вужоў ды жаб. Дэманстрацыя сілы ці праява жорсткасьці?

Мінула ўжо больш за два тыдні, але шырокі рэзананс гэтая гісторыя выклікала толькі зараз. Першай пра паказальны выступ 38 асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасьцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады напісала «Брестская газета». У сваёй публікацыі карэспандэнты разьмясьцілі здымкі з расправай над жабамі й вужамі. Дзеяньні байцоў не пакінулі абыякавымі абаронцаў жывёлаў. На інцыдэнт адрэагавала грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Сваім меркаваньнем на гэты конт з намі падзяліўся яе дырэктар Аляксандр Вінчэўскі.

Аляксандр Вінчэўскі: Я ўвогуле не памятаю такіх выпадкаў ні ў Беларусі, ні ў іншых месцах. У інтэрнэце, канешне, ёсьць розныя сцэны, калі салдаты ядуць розных жывёлаў. Але ж не публічна, не перад дзецьмі, гэта не паказальныя выступы. Каб салдату паказаць сваю сілу, яму трэба змагацца з роўным сабе праціўнікам. Калі ж яны дастойным праціўнікам лічаць жаб ды вужоў, уявіце сабе, што будзе з імі, калі на полі бою яны сутыкнуцца з кімсьці больш моцным.

Пакідаць усё, як ёсьць «Ахова птушак Бацькаўшчыны» не зьбіраецца. Актывісты арганізацыі ўжо зьвярнуліся да дзяржаўных органаў з просьбай даць прававую ацэнку інцыдэнту ды зрабіць усё, каб падобнае больш не паўтарылася, кажа Аляксандр Вінчэўскі.

Аляксандр Вінчэўскі: Мы ўжо напісалі лісты ў Міністэрства абароны і ў Брэсцкае ўпраўленьне ўнутраных справаў, каб яны разабраліся. Мы хочам, каб Міністэрства абароны адрэагавала на будучыню і выключыла магчымасьць такіх мерапрыемства. Упраўленьне ўнутраных справаў мусіць разабрацца з крымінальным кодэксам, бо гэта парушэньне закону. Зразумела, што жывёлаў незаконна злавілі на прыродзе. У Беларусі заканадаўча рэгулюецца здабыча жывёлаў. У тым ліку, адлоў непаляўнічых жывёлаў. У дадзеным выпадку не патрабуецца ніякага дазволу, але толькі для пэўных мэтаў – адукацыйных, культурных ці навуковых (усе яны пералічаныя ў пастанове Савету міністраў). Зьнішчэньне ў гэты сьпіс не ўваходзіць.

Камэнтуючы журналістам ды эколягам сваю пазыцыю, кіраўніцтва 38 дэсантна-штурмавой брыгады, якая апынулася ў цэнтры скандалу, заявіла, што падобныя трэніроўкі патрэбныя, каб байцы атрымалі неабходную псыхалягічную падрыхтоўку. Маўляў, пасьля такіх прыёмаў яны гатовыя выконваць любыя задачы. Аднак далёка ня ўсе, хто мае дачыненьне да арміі, згодныя з такім пунктам гледжаньня. Кажа афіцэр бронетанкавых войск у адстаўцы Сяргей Вазьняк.

Сяргей Вазьняк: Гэта пытаньне этыкі. Доктар, які робіць апэрацыю, ня йдзе потым на вуліцу дэманстраваць вантробы пацыента. Гэта прабелы ў выхаваньні. Гэты выпадак паказвае ўзровень выхаваўчай працы з салдатамі ва Ўзброеных Сілах Беларусі. Інстытут палітработнікаў, якія павінны гэтым займацца, замянілі на інстытут афіцэраў, выхавальнікаў, псыхолягаў. Відаць, так яны й працуюць, калі лічаць дапушчальным ня толькі, каб гэта было ва Ўзброеных Сілах, але й дэманстравалася дарослым ды дзецям. Я сам кадравы афіцэр, палітработнік савецкай арміі. Мы праводзілі паказальныя выступы, парады. Была стральба, кіраваньне, гралі ваенныя аркестры. Але ў галаву не прыйшло б рабіць нешта падобнае.

Свае меркаваньні выказваюць таксама псыхолягі. Паводле некаторых спэцыялістаў, расправы над жывёламі могуць паўплываць на псыхалягічную падрыхтоўку байцоў арміі. Але, так ці інакш, ня варта падобныя рэчы дэманстраваць шырокай публіцы. Асабліва калі сярод гледачоў ёсьць дзеці, заўважаюць экспэрты.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт