Восем тысяч рэпатрыянтаў з неэўрапейскай часткі Расеі й краін былога Савецкага Саюза вярнуліся ў Польшчу ў 1997-2007 г.г. Урад Польшчы мяркуе, што на працягу бліжэйшых дзесяцi гадоў маглі б вярнуцца нават 10 тысяч рэпатрыянты з гэтых рэгіёнаў. Праблемы й праца на карысьць рэпатрыянтаў абмяркоўваліся на адмысловай канфэрэнцыі «Re-Patria», адным з арганізатараў якой выступіла Польскае радыё.
Сацыёляг Робэрт Вышыньскі сказаў, што на тэрыторыі азіяцкай часткі былога СССР многія палякі чакаюць вяртаньня на радзіму.
Р.Вышыньскі: Гэта немалая колькасьць. Афіцыйна стопрацэнтных палякаў там 34 тысячы, а грамадзян польскага паходжаньня, у якіх бацька, маці ці дзяды – палякі, у адным толькі Казахстане яшчэ больш. Два тыдні таму адбылася канфэрэнцыя пра «сталыпінаўцаў» у Сібіры. Трэба памятаць, што на пераломе 19-20 стагодзьдзяў у Сібіры пасяляліся тысячы палякаў, якія прыехалі на новую зямлю. Дасьледчык Зяліньскі ацэньвае колькасьць палякаў у Сібіры на 60 тысяч.
У 2017 году Польшча прыняла папраўкі ў закон аб рэпатрыяцыі. Іх задача – дапамагчы ў вяртаньні на радзіму й пасяленьніе ў Польшчы людзей польскага паходжаньня. Закон тычыцца палякаў, якія жывуць у азіяцкай частцы былога Савецкага Саюзу.
Робэрт Вышыньскі кажа, што вялікай дапамогай для рэпатрыянтаў на іх шляху ў Польшчу можа стаць стварэньне сыстэмы міграцыі й сыстэмы стыпэндыяў.
Р.Вышыньскі: Гэта спраўджаная й правераная сыстэма. Напрыклад, нямецкія перасяленцы ехалі ў Нямеччыну з Сілезіі, Румыніі й іншых краін па запрашэньню родных, а потым у Нямеччыне ім давалі статус перасяленцаў.
Чарговая справа – стыпэндыі. Адзначым, што Расея дае стыпэндыі маладым людзям, напрыклад, з Казахстану. А вось маладзёны з польскіх вёсак у Расеі пасьля заканчэньня сярэдніх школ выяжджаюць у іншыя гарады краіны. А нам трэба іх прыцягнуць сюды, у Польшчу.
Тым часам у Польшчы некаторыя рэпатрыянты сустракаюцца з рознымі праблемамі, напрыклад, гэта вялікая адлегласьць да школы альбо дрэнныя жыльлёвыя ўмовы. Пра гэтыя й іншыя праблемы, а таксама пра нямэтавае выдаткоўваньне дзяржаўных сродкаў казала на канфэрэнцыі «Re-Patria» ў Варшаве старшыня Рады па справах рэпатрыяцыі Аляксандра Сьлюсарэк.
А.Сьлюсарэк: Мне вядомая сытуацыя рэпатрыянтаў у адной з гмін Лодзінскага ваяводзтва. Рэпатрыянты, якія там жывуць, б'юць трывогу: у іх дзіця з інваліднасьцю. Там, дзе яны жывуць, толькі адзін раз у дзень ходзіць аўтобус. На сьценах у кватэры грыбок.
Але ёсьць таксама пазытыўныя прыклады, як падваршаўская гміна Маркі, якая восеньню мінулага году прыняла сям’ю рэпатрыянтаў зь пяці чалавек. Намесьнік бургамістра Дарыюш Пятруха сказаў, што рэпатрыянты з Казахстану хутка прыжыліся ў новым месцы. А гміна адрамантавала для іх будынак.
Д.Пятруха: Да нас зьвярнуліся няўрадавыя арганізацыі, якія працуюць на тэрыторыі горада Маркі. Яны аказалі дапамогу пры рамонце будынку, а таксама дапамаглі абсталяваць кватэру. Нашы рэпатрыянты атрымалі ня толькі гатовае жыльлё, а таксама прадукты харчаваньня бадай што на два тыдні. Гэта заслуга ня толькі гміны, а таксама нашага насельніцтва.
Польскі ўрад заклікае прадпрымальнікаў прымаць на працу рэпатрыянтаў. У такіх выпадках права дае прадпрымальнікам пэўныя льготы.
Хутка знайсьці працу спадзяецца Тацьцяна Прышненка, якая вось ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў Польшчы ў адаптацыйным цэнтры ў горадзе Пултуск.
Т.Прышненка: У Пултуску я вывучаю польскую мову, у траўні пачну курсы – буду вучыцца на кухара. Я ведаю польскую кухню – у нас дома ў Казахстане гатавалі польскія стравы. У Казахстане я працавала настаўніцай пачатковых клясаў.
Рэпатрыянты знаходзяцца ў адаптацыйным цэнтры ад трох да шасьці месяцаў. Затым з дапамогай дзяржавы могуць купіць або зьняць кватэру.
Згодна з законамі, акрамя гміны, рэпатрыянтаў могуць прымаць таксама польскія сем’і або адаптацыйны цэнтар у Пултуску.
У мінулым годзе Польшча прыняла 525 рэпатрыянтаў, у гэтым – ужо 280. Урад спадзяецца, што да канца году прыме 750 рэпатрыянтаў.
Працэс рэпатрыяцыі палякаў з тэрыторыі былых савецкіх азіяцкіх рэспублік працягнецца 10 гадоў і ахопіць 10 тысяч чалавек.
Яланта Сьмялоўская